У Літве затрымалі чарговую цыгарэтную кантрабанду на 1,5 мільёна эўра

Цыгарэтная кантрабанда, ілюстрацыйнае фота

Літоўскія мытнікі затрымалі 400 тысяч пачкаў цыгарэт, схаваных у грузе піламатэрыялаў. Агульная сума кантрабанды — прыкладна 1,5 мільёна эўра.

Як гаворыцца на сайце мытнай службы Літвы, аўтамабіль DAF прыбыў на аўтамабільны пост «Райгардас» зь Беларусі, кіроўца паведаміў супрацоўнікам, што едзе ў Нямеччыну з грузам вырабаў з драўніны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адну партыю беларускай кантрабанды цыгарэт на $2 млн накіравалі ў Польшчу пад выглядам корму для жывёлаў

Кантралёры адправілі грузавік на праверку. Разабраўшы адзін з пакункаў, мытнікі знайшлі замаскаваныя скрынкі з кантрабанднымі цыгарэтамі. Агулам — больш за 400 тысяч пачкаў гатунку «Minsk Superslims».

Ковенскае аддзяленьне мытнай крымінальнай службы пачало дасудовае расьсьледаваньне. Кіроўца затрыманы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У мінэральнай ваце і калійных угнаеньнях. Новыя факты маштабнай кантрабанды цыгарэт зь Беларусі

Раней літоўскія мытнікі знаходзілі цыгарэты ў вагонах з угнаеньнямі прадпрыемстваў «Беларуськалій» і «Гродна Азот», цыгарэтныя блёкі нават залівалі бэтонам.

Найбольшую партыю кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасьці сёлета на пачатку траўня затрымалі польскія памежнікі — на суму блізу 10 мільёнаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы рэкорд беларускай кантрабанды цыгарэт у Польшчу — на $9,7 млн