27 траўня ў СІЗА № 3 Гомля адбылося спатканьне кансультанта Радыё Свабода, палітвязьня Ігара Лосіка зь яго жонкай Дар’яй. Гэта першая іх сустрэча з моманту арышту Ігара 25 чэрвеня 2020 году.
«Я зараз крыху на эмоцыях, упершыню пабачыла Ігара за ўвесь гэты час, — кажа Дар’я Лосік. — Не пасьпела ў першую партыю раніцай, заходзіла ў другой. Спатканьне працягвалася дзьве гадзіны, з 14 да 16. Я шмат разоў прасіла спатканьне, нават не скажу дакладна, колькі разоў. Але заўсёды адмаўлялі. Апошні раз мне адмовілі ў канцы красавіка».Па словах Дар’і, Ігар выглядае лепш, чым яна думала. У Гомлі ён ужо тыдзень, перавозілі яго на працягу двух сутак, этапам праз СІЗА № 1 на Валадарскага.
«Ігар бяз маскі быў, мы размаўлялі праз тэлефонную трубку, паміж намі было шкло, — кажа Дар’я. — Эмацыйны стан у Ігара нестабільны крыху. Ён вельмі ўсьцешыўся, што нам далі спатканьне. Не чакаў, што яго дазволяць. Вельмі шмат распытваў пра дачку. Плакаў, калі я расказвала пра яе. Пра тое, як яна расьце, чаму навучылася ўжо за той час, як яго не было дома. Усе навіны пра дачку выклікалі ў Ігара сьлёзы».
Па словах Дар’і Лосік, этапаваньне яе мужа са сьледчай турмы Жодзіна ў Гомель адбывалася ў складаных умовах. Ігару выкруцілі рукі запясьцямі наверх, закавалі ў кайданкі. У такім стане ён правёў увесь этап, вывернутымі рукамі быў вымушаны трымаць свае торбы з рэчамі. На запясьцях засталіся траўмы.
«Ігар казаў, што ў некаторыя моманты думаў, што ня зможа вытрымаць, проста ўпадзе, — кажа Дар’я. — Ён таксама расказаў, што перад спатканьнем яму зрабілі надгляд, цалкам распраналі. Яго запісы, зробленыя ў турме, праглядаюць. Чытаюць усё, што ён сам сабе піша. Незразумела, навошта. Тэлевізар быў спачатку ў камэры, але цяпер яго забралі. Таксама незразумела, навошта. Але ў цэлым Ігар сказаў, што ўмовы ўтрыманьня ў Гомлі лепшыя, чым у Жодзіне. Лепш кормяць, лепшая камэра, лепшыя сукамэрнікі. Ігар не сказаў дакладна, па якіх артыкулах яны сядзяць. Але сказаў, што ўсе нармальныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На этапе Статкевіча, Ціханоўскага і Лосіка везьлі ў кайданках». Марына Адамовіч упершыню за год пабачыла зьняволенага мужаДар’я Лосік кажа, што толькі ў Гомлі ад мужа падчас спатканьня даведалася, што ў Жодзіне ў яго часта былі неадэкватныя псыхічна сукамэрнікі, а таксама хворыя на пэдыкулёз.
«Ігар вельмі моцна прасіў пісаць яму лісты па новым адрасе, — дадае Дар’я. — Яны ў Гомель пакуль даходзяць даволі нядрэнна. Агулам, ведаеце, нашая сустрэча такой эмацыйнай атрымалася. У мяне год не было зь ім візуальнага кантакту. Напэўна, я проста калі пабачыла Ігара, то не паверыла, што гэта вось ён сядзіць за шклом з гэтай тэлефоннай трубкай».
Дар’я вельмі спадзяецца, што іх сустрэча дасьць Ігару сілаў перажыць суд. На працягу дзьвюх гадзін спатканьня яна каля дзясятка разоў сказала мужу, што будзе змагацца за яго да канца.
«Я сказала Ігару, што буду працягваць за яго змагацца, хай нават гэта будзе каштаваць мне свабоды, — сказала Дар’я Лосік. — Мне абсалютна ўсё адно. У апошнім лісьце, яшчэ з Жодзіна, ён напісаў мне, што яму няма ў чым раскайвацца. І калі суд пройдзе адкрыта, то ўсе адразу зразумеюць, што ён ні ў чым не вінаваты. Ігар кажа, што настроены максымальна рашуча і ня ведае, да чаго яго можа падштурхнуць гэты працэс, гэтая ўся несправядлівасьць. Тое самае я магу сказаць і са свайго боку. Я ня ведаю, да чаго можа мяне падштурхнуць гэтае судзілішча. Мне абсалютна ўсё роўна, чым гэтая барацьба для мяне скончыцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ігар стаў важным сымбалем беларускага пратэсту», — Кац павіншаваў Лосіка з днём нараджэньняПа словах Дар’і Лосік, яе муж прасіў перадаць вялікую падзяку ўсім, хто яму піша. Ігар стараецца адказваць абсалютна ўсім, піша максымальна нэўтральна. Але, як ён ведае, далёка ня ўсе яго лісты даходзяць.
«Я расказала Ігару ўсе навіны, якія пасьпела, пра самалёт Ryanair у тым ліку, — дадае Дар’я. — Ён быў у шоку. Ігар вельмі зараз разьлічвае на міжнародную дапамогу і падтрымку. Тое, што адбываецца ў Беларусі, закранула ўжо ня толькі яе грамадзян. Мы зь Ігарам вельмі спадзяёмся на міжнародны ціск, які краіны сьвету могуць аказаць на беларускія ўлады. Мы вельмі просім дапамогі з боку іншых краін».
Дата пачатку судовага працэсу па справе Ігара Лосіка пакуль невядомая. Яго будуць судзіць разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам і шэрагам іншых палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сабрала Ігару сьвяточную перадачу, а тут такое». Палітвязьня Лосіка этапавалі ў Гомель перад днём народзінаў
Напісаць Ігару можна па адрасе: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А