Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін прыбыў у Беларусь з двухдзённым візытам, паведамляе ТАСС. Заплянавана сустрэча з кіраўніком беларускага ўраду Раманам Галоўчанкам.
Папярэдні раз Мішусьцін быў у Беларусі 16 красавіка, сустракаўся з Галоўчанкам і Лукашэнкам, а на гэтым тыдні пагутарыў з Галоўчанкам праз тэлефон пра далейшую інтэграцыю.
Фонам для паездкі выступаюць падзеі з ірляндзкім самалётам і затрыманьне грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі, якая ляцела ў ім. Расейскае выданьне адзначае, што праз тэлефон гаварылі і пра «тыя недружалюбныя і правакацыйныя дзеяньні эўрапейскіх дзяржаў, якія робяцца ў дачыненьні да Беларусі».
Таксама Мішусьцін у Менску возьме ўдзел у пасяджэньні Рады кіраўнікоў урадаў СНД 28 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму не зарэгістравалі прарасейскую партыю «Саюз»? Дыскусія экспэртаўПерамовы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі пройдуць 28 траўня ў Сочы, паведаміла прэс-служба Крамля.
«На парадку дня актуальныя пытаньні далейшага разьвіцьця двухбаковых сувязяў, рэалізацыя сумесных праектаў у гандлёва-эканамічнай, энэргетычнай і культурна-гуманітарнай сфэрах, а таксама тэматыка прасоўваньня інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці абароніць Расея Лукашэнку? Дыскусія беларускага і расейскага палітолягаў