У дакумэнце адзначана, што непасрэдная прычына сьмерці высьвятляецца. Код R99 паводле Міжнароднай клясыфікацыі захворваньняў азначае «Іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны сьмерці».
Сёньня ж брату Вітольда Ашурка Андрэю аддалі ў Шклове цела памерлага. Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала «Белсату», што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, відаць толькі рот».
Цела Ашурка яшчэ ў Шклове пераапранулі ў касьцюм, адразу паклалі ў труну, якую сваякі прывезьлі з сабой. Апрача перабінтаванай галавы, у Вітольда відаць падрапаныя рукі. Чаму галава перавязаная, пакуль невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякам аддалі цела палітвязьня Вітольда Ашурка, які памёр у турме. У яго забінтаваная галаваСьледчы камітэт апублікаваў у інтэрнэце мантаванае відэа са шклоўскай калёніі № 17, на якім відаць чалавека, які двойчы падае. Ён апрануты ў робу з надпісам «ШИЗО», што расшыфроўваецца як «штрафны ізалятар». Пасьля першага падзеньня, каля прыбіральні, яму надалі мэдычную дапамогу. Пасьля другога выпадку ў камэру штрафнога ізалятару прыбеглі супрацоўнікі калёніі.
Відэазапіс зроблены з камэры, якая знаходзіцца на вышыні. Адназначна на відэа ня бачна, ці сапраўды чалавек у робе — Вітольд Ашурак.
Палітвязень Вітольд Ашурак нечакана памёр у калёніі 21 траўня. Сваякам сказалі, што ў яго спынілася сэрца. Жонка Вітольда Ашурка сказала журналістам, што муж раней ніколі ня меў праблемаў з сэрцам.
Пахаваньне Ашурка адбудзецца ў Бярозаўцы ў сераду 26 траўня. З 9-й гадзіны раніцы з памерлым можна будзе разьвітацца ў будынку Дома быту (Наваградзкая вуліца, 8). А 14-й у бярозаўскім касьцёле пройдзе імша. Пасьля яе Вітольда Ашурка пахаваюць на гарадзкіх могілках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У шклоўскай калёніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак, які атрымаў 5 гадоў турмы за пратэсты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пройдзе час, і ў любога дзеяньня ёсьць сьведкі», — брат памерлага палітзьняволенага Вітольда Ашурка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя БНФ патрабуе расьсьледаваньня абставінаў сьмерці палітвязьня Вітольда Ашурка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На падтрымку сям’і Вітольда Ашурка сабралі ўжо 4500 эўра