Адвакат ня змог трапіць да Соф’і Сапегі, якую затрымалі разам з Пратасевічам

Соф’я Сапега.

Адвакат затрыманай у аэрапорце Менску грамадзянкі Расеі Софʼі Сапегі пакуль ня змог сустрэцца са сваёй падабароннай, якая знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна.

Пра гэта паведаміў у аўторак ТАСС па тэлефоне бацька затрыманай Сяргей Дудзіч.

«У панядзелак мы заключылі дамову з адвакатам. Па стане на вечар учорашняга дня адвакат ня трапіў да яе», — адзначыў бацька.

Грамадзянка Расеі Соф’я Сапега, якую затрымалі 23 траўня разам з блогерам Раманам Пратасевічам, цяпер знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна ў Менску. Пра гэта BBC сказала маці дзяўчыны Ганна Дудзіч.

«Мы даведаліся з Інстаграму, што зрабіў пасадку рэйс, [які ляцеў] з Атэнаў у Вільню. Яны былі на адпачынку. Звычайная паездка з маладым чалавекам. Мы жывём у [горадзе] Лідзе, мы даведаліся, што самалёт над Лідай разьвярнулі, да Вільні заставаліся лічаныя хвіліны ляцець».

Дудзіч дадала, што дачка пасьпела напісаць у WhatsApp толькі слова «мама».

«Яна не пасьпела працягнуць. Больш я зь ёй ня зьвязвалася. У цяперашні момант яна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, мы яе сёньня знайшлі, нанялі адваката».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Соф'я Сапега, затрыманая сяброўка Пратасевіча,— на Акрэсьціна, у чым яе вінавацяць — невядома

У чым абвінавачваюць 23-гадовую Соф’ю Сапегу, дагэтуль невядома.

МЗС Расеі запытаў консульскі доступ да затрыманай.

«Мы сустрэліся з консулам, пагутарылі, апісалі сытуацыю, яны ў курсе таго, што адбылося, спадзяюся, яны нам дапамогуць», — сказала Ганна Дудзіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым можа пагражаць Беларусі пасадка самалёта Ryanair у Менску

23 траўня, падчас вымушанай пасадкі ў Менску рэйсу FR 4978 Атэны — Вільня авіякампаніі Ryanair, спэцслужбы рэжыму Лукашэнкі затрымалі блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку, студэнтку Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Софʼю Сапегу. Сапега — грамадзянка Расеі і вучыцца ў ЭГУ на праграме «Міжнароднае права і права Эўрапейскага Зьвязу».

Па вяртаньні з адпачынку Софʼю ў Вільні чакала абарона магістарскай працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праз два тыдні ў яе абарона дыплёма». Сябры і прадстаўнік ЭГУ пра затрыманьне дзяўчыны Пратасевіча Соф'і Сапегі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Расеі адрэагаваў на затрыманьне разам з Пратасевічам расейскай грамадзянкі Соф’і Сапегі