Украіна забараніла сваім кампаніям палёты ў Беларусь і транзыт над беларускай тэрыторыяй

«Украерорух»

Украіна з 00:00 26 траўня спыняе авіязлучэньне зь Беларусьсю.

Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль, урад ухваліў адпаведнае рашэньне і даручыў Міністэрству інфраструктуры, Дзяржаўнай авіяцыйнай службе і дзяржаўнаму прадпрыемству «Украерорух» забясьпечыць ягонае выкананьне.

Дзяніс Шмыгаль удакладніў, што ўкраінскім авіякампаніям і самалётам забараняецца выконваць палёты ў паветранай прасторы Беларусі. Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны атрымала загад у мытных пунктах аэрапортаў спыніць афармленьне пасажыраў, якія прыбываюць зь Беларусі або накіроўваюцца ў Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» забаранілі лятаць у Францыю. Air France і Finnair будуць абмінаць Беларусь

«Сытуацыя з прымусовай пасадкай самалёта кампанія Ryanair у Менску зьяўляецца парушэньнем Канвэнцыі пра міжнародную цывільную авіяцыю. Рашэньне нашага ўраду накіравана на гарантыю бясьпекі палётаў і пасажыраў», — заявіў украінскі прэм’ер.

У той жа час Дзяніс Шмыгаль нічога не паведаміў аб тым, ці застаецца магчымасьць беларускай авіякампаніі ажыцьцяўляць палёты ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Над «Дыснэйлэндам» і Кітаем. Дзе ў сьвеце забараняюць палёты з палітычных (і ня толькі) прычынаў