Паездка за мяжу на машыне стане платнай і на Берасьцейшчыне. Такі збор раней увялі ў Горадзенскай і Гомельскай абласьцях

Памежнае афармленьне, ілюстрацыйнае фота

Берасьцейскі абласны савет дэпутатаў на сэсіі 24 траўня падтрымаў увядзеньне падатку за перасячэньне мяжы на легкавым аўтамабілі. Раней аналягічны падатак увялі ў Горадзенскай і Гомельскай абласьцях.

«Дэпутаты ў панядзелак разгледзелі пытаньне ўвядзеньня мясцовага збору за перасячэньне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай мяжы ў пункце пропуску і выказаліся за ўвядзеньне такога збору. Ухвалены праект рашэньня накіраваны на юрыдычную экспэртызу», — паведамляе абласная газэта «Заря».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадзенскай вобласьці ўводзяць плату за выезд на машыне за мяжу

Уводзіць збор за перасячэньне мяжы мясцовым уладам дазваляе абноўлены Падатковы кодэкс, які набыў моц 1 студзеня 2021 году.

Такім чынам, плаціць давядзецца пры выезьдзе зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу і Ўкраіну. Кожны выезд будзе каштаваць адну базавую велічыню, або 29 рублёў. Расея ў гэты сьпіс не ўваходзіць.

Рашэньне пра спагнаньне мсяцовага збору на памежных пераходах Гомельскай вобласьці мясцовыя дэпутаты ўхвалілі 29 сакавіка, пасьля праходжаньня адпаведнай экспэртызы яно запрацуе ад 1 чэрвеня. 30 сакавіка такое рашэньне ўхвалілі дэпутата Горадзенскага аблсавету, такі збор пачаў дзейнічаць з канца красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады: плата за выезд зь Беларусі — гэта змаганьне з каранавірусам

Афіцыйна было заяўлена, што сабраныя такім чынам сродкі будуць накіроўвацца «на папярэджаньне і барацьбу з каранавіруснай інфэкцыяй».