Беларускага актывіста, які некалькі месяцаў жыве ў Кіеве, 22 траўня затрымалі каля амбасады Беларусі. Пётр Маркелаў хацеў правесьці пэрформанс: спрабаваў перакінуць за агароджу амбасады некалькі мяхоў гною.
У часе затрыманьня Пётр Маркелаў пракрычаў, што гэтай акцыяй хацеў зьвярнуць увагу да падзеяў у Беларусі і да факту сьмерці ў турме палітвязьня.
Супрацоўнікі Нацгвардыі жорстка затрымалі актывіста — павалілі на зямлю і надзелі кайданкі. Адзін з гвардзейцаў некалькі разоў сказаў Маркелаву, што яго дэпартуюць за парушэньне грамадзкага парадку.
Як паведамляе Белсат, на дадзены момант Пятра Маркелава адпусьцілі, сябры мяркуюць, што яму пагражае толькі штраф за дробнае хуліганства, але справу могуць закрыць нават без пакараньня.
У дачыненьні да Пятра Маркелава склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні паводле артыкулу 173 (дробнае хуліганства) і вызвалілі. Згодна з Кодэксам Украіны аб адміністратыўных правапарушэньнях, такія дзеяньні караюцца штрафам ад 51 да 119 грыўняў (ад 2 да 4 даляраў у эквіваленце), грамадзкімі працамі на тэрмін да 60 гадзін, адміністратыўным арыштам тэрміна да 15 сутак або папраўчымі працамі на тэрмін да 2 месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пётар Маркелаў прывёз да пасольства Беларусі ў Кіеве мяхі з гноем. Відэа, фота