«Пракуроры накіравалі ў суды 667 крымінальных спраў у дачыненьні да 944 асобаў па фактах удзелу ў масавых беспарадках, дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя зь невыкананьнем законных патрабаваньняў прадстаўнікоў улады, гвалту і пагрозы яго прымяненьня да праваахоўнікаў, іх публічнай абразы, апаганьваньня надпісамі чужой маёмасьці, хуліганства, зьдзеку зь дзяржаўнай сымболікі», — пералічваецца на сайце ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як паводзіцца ў інтэрнэце, каб ня стаць «экстрэмістам». Парады ад праваабаронцыПаводле Генпракуратуры, на гэты час асуджаныя 682 чалавекі. Пры гэтым праваахоўныя органы працягваюць выяўляць падазраваных і раскрываць злачынствы супраць грамадзкай бясьпекі і правапарадку, якія мелі месца, пачынаючы ад жніўня 2020 году, гаворыцца ў паведамленьні.
Там заявілі, што супрацоўнікі ведамства «штодня манітораць інтэрнэт для выяўленьня прыкметаў правапарушэньняў, дэструктыўнай і недакладнай інфармацыі, абразаў і пагрозаў на адрас вышэйшых службовых асобаў краіны, праваахоўнікаў і прадстаўнікоў іншых дзяржорганаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі накіравалі ў Інтэрпол запыт на экстрадыцыю фігурантаў пратэставых спраўЗгодна са зьвесткамі беларускіх праваабаронцаў, 404 асобы прызнаныя палітычнымі вязьнямі — абсалютны рэкорд у найноўшай гісторыі Эўропы.
Спраў за катаваньні і сьмерці пратэстоўцаў няма
Ад жніўня 2020 году Сьледчы камітэт Беларусі завёў ужо больш за 2400 крымінальных спраў супраць удзельнікаў пратэстаў (зьвесткі на сакавік 2021 году). Згодна з дакладам ААН, органы папярэдняга расьсьледаваньня Беларусі паводле стану на люты 2021 году атрымалі 4644 скаргі пра ўжываньне сілы і спэцсродкаў сілавікамі, пры гэтым 1050 скаргаў было адхілена. Ніводнай справы за катаваньні і сьмерці пры разгоне акцый пратэсту ў Беларусі не завялі.
Беларускія праваабаронцы ўжо прызналі палітычнымі вязьнямі 404 чалавек.
У першыя дні пасьля выбараў сілавікі жорстка спынялі масавыя мірныя пратэсты ў Менску і іншых буйных гарадах, ужываючы супраць дэманстрантаў празьмерную сілу, гумовыя кулі, сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ і халастыя патроны. Сотні затрыманых зазналі катаваньні і іншае недазволенае абыходжаньне. Сама меней чатыры чалавекі памерлі ў выніку супрацьпраўных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі (Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка), абставіны сьмерці яшчэ чатырох чалавек дакладна не вядомыя, але іх сваякі і сябры лічаць, што іх маглі забіць падчас пратэстаў.