Чэмпіянат сьвету ў хакеі ў 2021 годзе павінен быў стаць для Беларусі хатнім. Плянавалася, што Менск будзе прымаць яго разам з Латвіяй. Менавіта ў Беларусі мусіў адбыцца самы важны матч за перамогу ў турніры.
Аднак пасьля падзей жніўня і восені 2020 году Міжнародная фэдэрацыя хакею перанесла чэмпіянат цалкам у Латвію. А тая, у сваю чаргу, забараніла на сваю тэрыторыю ўезд Мікалаю Баскаву, заўважанаму ў вечар сьмерці Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен». У адказ зьяўляліся нават прапановы застацца ў Менску і правесьці тут свой чэмпіянат. Але ў выніку беларусы ў Рыгу ўсё ж паехалі.
«На мэдалі я не спадзяюся»
Які ж стан беларускага хакею напярэдадні чэмпіянату сьвету? Сваімі ўражаньнямі і прагнозамі падзяліўся вядомы спартовы журналіст, экспэрт у хакейнай тэматыцы Вячаслаў Федарэнкаў, які сышоў з «Прессбола» пасьля падзей мінулай восені.
«У такіх абставінах незвычайных, чаму не? – кажа Вячаслаў Федарэнкаў аб пэрспэктывах беларускіх хакеістаў на чэмпіянаце ў Рызе. – Мне асабіста вельмі прыкра было, што нашая зборная ня трапіла на Алімпіяду ў Карэі. Там таксама ўмовы былі незвычайныя. NHL сваіх хакеістаў на турнір не пусьціла, і ў нас былі нядрэнныя шанцы нешта выгуляць. Калі не мэдалі, то як мінімум паўтарыць посьпех Солт-Лэйк-Сіці. Але на мэдалі зараз я не спадзяюся. Хаця нейкія сюрпрызы магчымыя. Умовы нестандартныя, паўтаруся. А пры нестандартных умовах куды больш шанцаў у зборных другога эшалёну».
Вячаслаў Федарэнкаў кажа, што калі б зборная выступала ў Беларусі пры падтрымцы заўзятараў, шанцы на посьпех былі б большыя. У Латвіі ўсе матчы пройдуць без гледачоў.
«Гульня на хатнім лёдзе – гэта дадатковы фактар, які спрыяе посьпеху, – гаворыць Вячаслаў. – Адкідваючы палітыку, можна ўспомніць, як выступала зборная ў 2014 годзе ў Менску. Яна сапраўды была натхнёная, яна падабалася заўзятарам, і гэта прынесла плён. Гэта быў такі моцны зарад, што яго нават хапіла і на наступны чэмпіянат сьвету ў Чэхіі ў 2015 годзе. А вось потым мы пакаціліся ўніз».
Мэдалёў на чэмпіянатах сьвету (а таксама на Алімпіядах) беларускія хакеісты не заваёўвалі ніколі. Найлепшым посьпехам можна лічыць агульнае 6-е месца ў 2006 годзе. Здаралася 8-е ў 2009-м, 7-е ў 2014 і 2015 гадах. У 2002 годзе на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці беларусы былі нават чацьвёртымі. Але ў апошнія гады здарыўся спад. У 2018 годзе беларуская зборная нават вылецела зь найвышэйшага дывізіёну. Чэмпіянат у Рызе павінен стаць першым пасьля вяртаньня ў эліту.
«Ціснулі на слабыя месцы»
Перад латвійскім турнірам было шмат крытыкі ў адрас фэдэрацыі і хакеістаў з бок заўзятараў. Баскаву прыгадваюць актыўную падтрымку ўладаў і гісторыю з забойствам Рамана Бандарэнкі. Хакеістам – масавы ўдзел у падпісаньні праўладнага ліста спартоўцаў. Некаторыя зь іх расказваюць, што перад турнірам нават хацелі пафарбаваць клюшкі ў чырвона-зялёны колер. Аднак Вячаслаў Федарэнкаў гаворыць, што агулам усіх удзельнікаў зборнай нельга назваць адданымі прыхільнікамі рэжыму.
«Зразумела, пра ўсіх хакеістаў я не магу сказаць, – кажа Вячаслаў. – Але я б не перабольшваў праўладнасьць беларускага хакею. Так, хакеісты ставілі свае подпісы пад паперамі ў падтрымку ўлады, супраць тых, хто ўладу не падтрымлівае. Але я ведаю, як зьбіраліся гэтыя подпісы. Пра гэта мне расказвалі самі хакеісты. Гэта ўсё ішло праз пагрозы. Не труной і не турмой, зразумела. Але ціснулі на слабыя месцы, якія можна знайсьці ў кожнага. Калі малады, то праз вучобу ці службу ў войску. Калі хакеіст сталы, то праз кантракт. На жаль, такія зьявы прысутнічалі. Проста ў хакеі больш, магчыма, чым у іншых відах спорту».
Па словах экспэрта, праўладныя настроі можна прасачыць найперш у хакейных кіраўнікоў рознага ўзроўню, чым у саміх хакеістаў.
Сем небеларусаў у складзе
У заяўку зборнай Беларусі на чэмпіянат сьвету ў Рызе ўвайшлі 27 хакеістаў. Удзел у матчах будуць стала прымаць каля 20 зь іх. Пры гэтым траціна гульцоў, якія выйдуць на лёд у чырвона-зялёнай форме, нарадзіліся не ў Беларусі. Дэні Тэйлар, Джэф Плат, Франсіс Парэ, Шэйн Прынс і Нік Бэйлен паходзяць з Паўночнай Амэрыкі. Андрэй Антонаў і Герман Несьцераў – расейцы.
«Натуралізаваных хакеістаў у зборнай сёлета будзе столькі, што гэта альбо наш нацыянальны рэкорд, альбо нават сусьветны, – гаворыць Вячаслаў Федарэнкаў. – Чвэрць складу. А калі ўлічыць, што гуляюць ня поўнымі чатырма пяцёркамі, то нават больш за чвэрць. Гэта зьвязана з тым, што хакейныя кіраўнікі хочуць пусьціць пыл у вочы свайму вышэйшаму кіраўніцтву. Тыя з кіраўніцтва беларускага хакею, хто знаходзіцца на сярэднім узроўні герархіі, лічаць, што без натуралізацыі гульцоў з Паўночнай Амэрыкі ў зборнай нічога не атрымаецца»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэнэ Фазэль надалей шкадуе, што Менск страціў хакейны чэмпіянат з прычыны палітычнага крызісуПа словах Вячаслава Федарэнкава, беларускія пашпарты пачалі раздаваць амэрыканцам і канадцам гадоў 10 таму. Расейскіх хакеістаў у Беларусі натуралізаваць пачалі яшчэ раней. Але яны, кажа Федарэнкаў, пасьля пераезду хаця б застаюцца ў Беларусі жыць. Становяцца сапраўды сваімі. Для паўночных амэрыканцаў беларускі пашпарт – толькі магчымасьць правесьці некалькі матчаў на чэмпіянаце сьвету. У свае зборныя ім прабіцца нашмат цяжэй.
«Ім пашпарт беларускі ня лішні, беларусы ў расейскай Кантынэнтальнай хакейнай лізе ня лічацца легіянэрамі, – нагадвае таксама Федарэнкаў. – Ім зручна. Чаму б не згуляць за Беларусь на чэмпіянаце сьвету. У Канадзе ці ЗША ім гэта б не сьвяціла. Я не падтрымліваю такой зьявы. Чэмпіянат сьвету – гэта выстаўка дасягненьняў нацыянальных хакейных школ, а не дасягненьняў хакеістаў NHL, якія выступаюць у форме зборнай Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра хакей мы больш ня пішам». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Трыбуны» Алегам ГаруновічамПа словах экспэрта, раздача сваіх пашпартоў хакеістам з ЗША і Канады не зьяўляецца вынаходкай беларускай фэдэрацыі хакею. Так рабілі і іншыя краіны. У прыватнасьці, на пачатку нулявых такімі рэчамі займаліся немцы і швайцарцы. Але цяпер лідэрамі ў натуралізацыі хакеістаў зьяўляюцца акурат беларусы. Паспрачацца зь ведамствам Дзьмітрыя Баскава можа толькі Казахстан, які, па словах Вячаслава Федарэнкава, пераняў такую тактыку акурат ад беларусаў.
«У NHL сёньня гуляе толькі 1 беларус, а магло б быць 10»
Па словах Вячаслава Федарэнкава, посьпехі беларускага хакею ў канцы 90-х былі вынікам яшчэ савецкай школы падрыхтоўкі маладых хакеістаў.
«Алімпіяда ў Нагана (1998 год, калі Лукашэнка асабіста лётаў паглядзець гульні зборнай у Японію. – РС), дзе мы трапілі ў найлепшую васьмёрку, гэта быў вынік яшчэ таго, што рабілася для хакею ў савецкія часы, – кажа Вячаслаў Федарэнкаў. – А калі глянуць па складзе, то і Алімпіяда ў Солт-Лэйк-Сіці 2002 году. Гэта былі хлопцы, якія вырасьлі ў школе «Юнацтва» ў 80-я, а то і ў 70-я гады. Далей ужо была іншая гісторыя. Нельга спрачацца, што Аляксандар Рыгоравіч падтрымліваў хакей. Цяпер у Беларусі больш за 30 лядовых арэнаў, на пачатку 90-х іх было, так скажам, 3,5. Тут нельга адмаўляць крок наперад. А вось мэтадычна крыху горш. Мякка кажучы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біятляністка Сола ўпершыню патлумачыла, чаму не падпісала праўладны ліст спартоўцаўЛепш за ўсё аб праблемах у айчынным хакеі, па словах Вячаслава, сьведчыць акурат натуралізацыя замежных хакеістаў.
«Калі б у нас быў свой сталы канвэер у падрыхтоўцы гульцоў, то ў нас бы цяпер у «Нацыянальнай хакейнай лізе» быў не адзін Шаранговіч, – гаворыць экспэрт. – І то пасьля пяцігадовага перапынку ён першы. Дзякуй Богу, што хоць ён зьявіўся, а то сумна было. Пры нармальнай падрыхтоўцы ў нас магло б быць чалавек 10 сваіх хакеістаў у NHL. Нядаўна я размаўляў з адным вельмі вядомым нашым хакеістам, і ён мне прызнаўся, што Ягор Шаранговіч таксама, скажам так, «вырас на асфальце». Гэта не прадукт нейкай сыстэмы падрыхтоўкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць рэчы, важнейшыя за спорт», — хакеістка-айцішніца, аўтарка пэтыцыі за адмену хакейнага чэмпіянату ў МенскуВячаслаў гаворыць, што сыстэма ў беларускім хакеі перабудоўваецца кожным новапрызначаных кіраўніком фэдэрацыі. Таму пра яе існаваньне гаварыць рана. За апошнія 10 гадоў фэдэрацыяй хакею Беларусі кіравалі 6 чалавек.
«Ці мае шанцы хакейная зборная штосьці выгуляць пра гэтай ўладзе? Я думаю, спартовыя посьпехі не залежаць ад палітычнай сыстэмы, – кажа Вячаслаў. – Ні аўтарытарызм, ні сацыялізм не адмаўляе спартовых посьпехаў. Ня думаю, што на спартоўцаў неяк уплывае, хто ў нас прэзыдэнт».
Вячаслаў гаворыць, што сёлета ў Беларусі падабралася самая моцная зборная з 2015 году. І яна мае як мінімум шанцы прайсьці празь першы этап турніру.
Першы свой матч беларусы згуляюць са зборнай Славаччыны. У групе супернікаў таксама Расея, Швэцыя, Чэхія, Швайцарыя, Данія і Вялікая Брытанія. Каб выйсьці ў плэй-оф, неабходна заняць месца з 1-га па 4-е.