Мінула 72 гадзіны з моманту затрыманьня супрацоўнікаў Tut.by. Які іх статус?

Рэдакцыя Tut.by. Архіўнае фота.

Сёньня мінае трое сутак, на якія былі затрыманыя супрацоўнікі Tut.by 18 траўня.

У многіх ужо скончыліся 72 гадзіны з моманту затрыманьня. Але іх не адпусьцілі. На Акрэсьціна Tut.by паведамілі, што як мінімум траіх затрыманых пераводзяць у СІЗА ў Жодзіна. Гэта:

  • галоўны рэдактар Марына Золатава
  • рэдактар Вольга Лойка
  • журналіст Алена Талкачова

Перавод у СІЗА азначае, што яны зьяўляюцца падазраванымі. Мяркуючы па агучанай раней інфармацыі, — па крымінальнай справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў (ч.2 арт.243 КК Беларусі).

Мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту абіраецца адразу на 2 месяцы, але на працягу 10 сутак ад моманту затрыманьня падазраванаму павінна быць прад’яўлена абвінавачаньне. Калі яно не прадʼяўлена, мера стрыманьня адмяняецца, гэта значыць, тутбаеўцаў могуць адпусьціць з-пад варты і праз 10 дзён.

Сьледчыя дзеяньні з затрыманымі пачаліся раніцай 18 траўня, пад варту іх узялі ўвечары. Чакаецца, што да канца сёньняшняга дня прававы статус супрацоўнікаў Tut.by і афіліяваных кампаній будзе вызначаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 затрыманых, дзіўная справа з ПВТ. Што адбываецца вакол Tut.by — у пытаньнях і адказах

Сьпіс затрыманых:

На 21 траўня затрыманыя 15 чалавек:

  • галоўная рэдактарка Марына Золатава
  • рэдактарка Вольга Лойка
  • журналістка Алена Талкачова
  • генэральны дырэктар Людміла Чэкіна
  • галоўная бухгальтарка Анжэла Асад
  • намесьніца дырэктара Ірына Рыбалка
  • галоўны інжынэр Ала Лапатка
  • юрыстка Кацярына Ткачэнка
  • намесьніца галоўнага бухгальтара Марыя Новік
  • намесьнік генэральнага дырэктара ў тэхнічных пытаньнях Аляксандар Дайнека
  • мэнэджар Андрэй Аўдзееў
  • генэральны дырэктар зьвязанай з Tut.by плятформы Hoster.by Сяргей Павалішаў
  • дырэктарка RocketData Дар'я Данілава
  • былая юрыстка кампаніі Ірына Касьцючэнка
  • удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская (пад хатнім арыштам).

Юлія Чарняўская не зьяўляецца ўласьніцай Tut.by, найбольшы пакет акцый кампаніі мае яе дачка Яўгенія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У турме на Акрэсьціна адмаўляліся прымаць перадачы для затрыманых супрацоўнікаў Tut.by
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У топ-мэнэджараў знайшлі грошы? Сэнсацыя». Tut.by адказаў на абвінавачаньні зь сюжэту АНТ