«Яны не злачынцы і не павінны сядзець у турме». Дзяўчына прыйшла падтрымаць студэнтаў у судзе і атрымала штраф

Студэнтка БДУ Вольга Вайтовіч

Студэнтку Вольгу Вайтовіч аштрафавалі на 100 базавых велічынь (2900 рублёў) за тое, што прыйшла 14 траўня на працэс па справе студэнтаў.

У той дзень затрымалі 14 чалавек (сярод іх 11 студэнтаў з розных ВНУ), частку адпусьцілі ў той жа дзень. 19 траўня такія самыя штрафы ў 2900 рублёў атрымалі Савелій Дубовік, Міра Булгакава, Віктар Палтаржыцкі і Кірыл Макаранка. На іх, як і на Вольгу Вайтовіч, склалі пратаколы па частцы 1 артыкула 24.23 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.



«З пратаколу зразумелі, што нас затрымалі з прычыны ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»


Вольга вучыцца ў Белдзяржунівэрсытэце на другім курсе факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. 14 траўня разам зь іншымі прыйшла да суду, каб трапіць на пасяджэньне па справе студэнтаў.

«Калі мы прыехалі (каля 10.10, а суд пачынаўся ў 10.30), то каля Дому правасудзьдзя ўжо было многа людзей, каля 50–60. У залю ўсіх, хто хацеў, не пусьцілі, таму што, як мы пазьней даведаліся, яна была разьлічана на 20 месцаў. Пасьля пачатку пасяджэньня чалавек у форме пачаў гаварыць у мэгафон, што месцаў больш няма і што варта разысьціся, — кажа Вольга. — Мы пачалі адыходзіць з хлопцамі ў бок мэтро. Калі мы пераходзілі ўжо другі пешаходны пераход, то да нас падышлі амапаўцы і папрасілі прайсьці зь імі ў бусік».

Разам з Вольгай затрымалі 6 чалавек і адвезьлі ў Маскоўскі РУУС. Паводле Вольгі, затрыманьне адбывалася спакойна, ніхто не супраціўляўся і не спрабаваў уцячы. Толькі ўвечары ім далі азнаёміцца з пратаколам.

«Зь яго мы зразумелі, што нас затрымалі з прычыны ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Усіх студэнтаў адпусьцілі з РУУС позна ўвечары, пры гэтым мы напісалі расьпіскі, што павінны зьявіцца 19 траўня ў суд, дзе будуць судзіць ужо нас».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьпявалі песьні. Патрабавалі свабоды. Сядзелі і маўчалі. Хутка хадзілі». Што кажуць сьведкі на працэсе па «справе студэнтаў»

«На судзе былі два Іваны Іванавічы»

Студэнтка БДУ Вольга Вайтовіч

Вольга не пагадзілася з пратаколам. Але яна кажа, што суд не прыняў гэтага да ўвагі, бо, маўляў, яна не напісала, з чым менавіта ня згодная. Судовае пасяджэньне цягнулася з 10 раніцы да 16 гадзіны, калі зачыталі рашэньне.

Суд не захацеў разглядаць і прыкладаць да справы фота- і відэаматэрыялы, якія загадзя былі скапіяваныя на дыск. Аднак у адміністрацыйных справах ёсьць скрыншоты з тэлеграм-канала «Баста» з заклікам прыходзіць да Дома правасудзьдзя на акцыю.

«Ніхто з нас ня быў падпісаны і ніколі ня чуў пра гэты канал. Больш за тое, на тэлефоне ў мяне няма тэлеграма. А скрыншоты ўсё роўна прыкладзены, — кажа Вольга. — Яшчэ на судзе былі два Іваны Іванавічы, якія, на наша зьдзіўленьне, сказалі, што мы не выкрыквалі лёзунгаў і былі без плякатаў і што затрымалі нас ня ў дворыку, а ўжо ў пераходзе да мэтро. Тым ня менш яны сьцьвярджалі, што мы ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Паводле Вольгі, сьведкі не змаглі адказаць на пытаньне адваката, як яны адрозьнівалі людзей, якія бралі ўдзел у пікеце, і тых, хто прыйшоў на іншы суд або проста праходзіў міма.

У Вольгі забралі тэлефон да выплаты штрафу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе трымаюцца годна». Як 12 чалавек судзяць у «справе студэнтаў»

«Дагэтуль хачу трапіць на суд, каб выступіць у якасьці сьведкі Тані»


Пасьля таго як Вольгу пакаралі штрафам у сто базавых, яе ў дэканат не выклікалі.

Чаму дзяўчына хацела трапіць на працэс супраць студэнтаў у Доме правасудзьдзя?

«Я знаю асабіста Таню Екельчык, знаёмая з Ксюшай Сырамалот і Ягорам Канецкім. Пісала каля дзесяці лістоў Насьці Булыбенцы, Тані Екельчык, Ільлі Трахтэнбэргу, Ксюшы Сырамалот. Але ніводнага разу не атрымлівала адказу. Хацела вельмі іх убачыць і падтрымаць. Дагэтуль хачу трапіць на суд, каб выступіць у якасьці сьведкі Тані. Вельмі моцна перажываю за іх усіх, таму што яны ўсе прыкладна майго ўзросту, зусім маладыя. А ім ламаюць жыцці. Яны не злачынцы і не павінны сядзець у турме».

Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»

Анастасія Булыбенка

Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Вікторыя Гранкоўская

Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.

Алана Гебрэмарыям

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.

Глеб Фіцнер

Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.

Тацяна Якельчык

Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.

Ягор Канецкі

Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.

Яна Арабейка

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.

Ксенія Сырамалот

Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.

Кася Будзько

Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Ільля Трахтэнберг

Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.

Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.

Вольга Філатчанкава

Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.