Беларусы зьвярнуліся да Сусьветнага рэгулятара дамэнаў з просьбай забраць дамэн .BY у ААЦ. Што ім адказалі?

Прэзыдэнт і выканаўчы дырэктар Інтэрнэт-карпарацыі па прысваеньні імёнаў і нумароў (ICANN) Род Бэкстрэм. Архіўнае фота.

Пасьля блякаваньня Tut.by і візыту сілавікоў у Hoster.by беларусы на заклік тэлеграм-каналаў паспрабавалі ў лістах да ICANN пераканаць сусьветнага рэгулятара дамэнных імёнаў пазбавіць Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі (ААЦ) права кіраваць дамэннай зонай .by.

На сёньня паўнамоцтвамі галоўнага адміністратара дамэннай зоны .by валодае менавіта ААЦ. Але за ўсімі дамэннымі адміністратарамі стаіць сусьветны рэгулятар дамэнных імёнаў — ICANN, які мае права пазбавіць дамэннага адміністратара гэтых паўнамоцтваў шляхам перадэлегаваньня іх іншай арганізацыі, гаварылася ў закліку да ICANN. Дзясяткі людзей далучыліся да ініцыятывы і сталі адпраўляць у ICANN лісты з просьбай зьвярнуць увагу на сытуацыю ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт Tut.by заблякавалі, многіх супрацоўнікаў затрымалі. Завялі крымінальную справу. У чым іх вінавацяць

Выданьне dev.by атрымала копію адказу ад IСANN:

«Шкадуем аб праблемах, зь якімі вы сутыкнуліся з дамэнам .by. Дамэнныя імёны, якія сканчаюцца на двухлітарны код краіны — дамэны верхняга ўзроўню (ccTLD), такія як .by, адмініструюцца country-code мэнэджарамі. Апэратары прызначаюцца ў кожнай краіне ў адпаведнасьці зь мясцовым заканадаўствам сумесна зь мясцовай інтэрнэт-супольнасьцю і мясцовымі органамі ўлады. У ICANN няма паўнамоцтваў удзельнічаць у правядзеньні апэрацый ccTLD і няма дамоўных паўнамоцтваў для прыняцьця мер па выкананьні патрабаваньняў у дачыненьні да апэратараў ccTLD», — адказалі ў IСANN.

Са скаргамі і пытаньнямі па тэме ICANN прапанаваў зьвяртацца ў ААЦ, падаўшы яго пошту і тэлефон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі былую супрацоўніцу Tut.by, лік затрыманых у справе мэдыяпарталу складае сама меней 14 чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднавілася праца сайту Rabota.by, у офіс якога прыходзілі з ДФР. Tut.by па-ранейшаму заблякаваны