Пастаноўку ажыцьцявіў заснавальнік і мастацкі кіраўнік Сучаснага мастацкага тэатру (Менск), тэатральны прадзюсэр і актор Уладзімер Ушакоў. У рэалізацыі праекту ўдзельнічаюць выканаўцы ўкраінскіх тэатраў і беларускія акторы, якія вымушаныя былі выехаць зь Беларусі.
Перад прэм’ерай Свабода наведала генэральную рэпэтыцыю спэктаклю.
Дзьве прэм’еры, дзьве вэрсіі
Спэктакль «Былы сын» ужо мае дзьве вэрсіі. Прэм’ера першай адбылася на Youtube-канале Сучаснага мастацкага тэатру некалькі тыдняў таму. «Пераехаць» на онлайн-пляцоўку беларускі тэатар вымушаны быў праз адмову ўпраўленьня культуры Менскага гарвыканкаму ў выдачы гастрольнага пасьведчаньня.
У Кіеве прэм’ера адбудзецца традыцыйна — на тэатральнай сцэне і з прысутнасьцю гледачоў. За дзень да прэм’еры ўжо былі раскупленыя амаль усе квіткі.
«Магчымасьць працаваць на вялікай сцэне, у нармальных умовах, якія, дзякуй Богу, ва Ўкраіне ёсьць. І гэта вельмі добра, што я магу рэалізаваць гэты праект і паказаць яго гледачу, бо ў Менску апошнія два тыдні мы вымушаныя былі працаваць у мяне на кватэры, бо нам адмовілі ўсе пляцоўкі», — сказаў Свабодзе Уладзімер Ушакоў.
Рэжысэр спадзяецца, што спэктакль будзе мець свой самастойны лёс ва Ўкраіне, і яго пабачаць і ў іншых украінскіх гарадах, а ня толькі ў сталіцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэатральную пастаноўку паводле раману Сашы Філіпенкі не дазволілі ў Беларусі, прэм’ера адбудзецца ва ЎкраінеУ акторскай групе — дэбютантка
Раман Сашы Філіпенкі «Былы сын» выйшаў у 2014 годзе і вельмі хутка стаў бэстсэлерам, а аўтар — уладальнікам «Русской премии» (яна ўручаецца пісьменьнікам, якія пішуць па-расейску). Але сам твор пабудаваны на беларускіх падзеях, пачынаючы ад трагедыі ў мэтро на Нямізе ў 1999-ым, і заканчваючы Плошчай-2010. У кантэксьце рэальных падзеяў мінулага году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, гэтая п’еса набывае новае гучаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейская мова не належыць Расеі» — пісьменьнік Саша Філіпенка«Актуальнасьць раману ня страчаная, нават наадварот — ён стаў больш актуальным, улічваючы тыя жудасныя падзеі, якія адбываюцца ў нашай краіне, таму вельмі цудоўна, што ёсьць магчымасьць са сцэны паказаць і расказаць у такім мастацкім пляне пра гэты жах і канцлягер, у які ператвараецца наша краіна», — сказаў Свабодзе беларускі актор Яўген Казакевіч.
Актор прызнаецца, што пераехаў ва Ўкраіну, бо ня бачыў для сябе ніякай пэрспэктывы, хаця каля 10 гадоў працаваў у тэатры і здымаўся ў кіно.
«Ва Ўкраіну я прыехаў у лістападзе 2019 году. У мяне быў выбар — зьяжджаць у Расею або ва Ўкраіну. І я выбраў Украіну, таму што гэта, па-першае, свабода, а не дыктатура, гэта дэмакратыя, народ, людзі і гэта пэрспэктыва ў пляне прафэсіі».
У спэктаклі Яўген выконвае ролю Стасіка, найлепшага сябра галоўнага героя Францыска, які ляжыць у коме некалькі гадоў пасьля трагедыі на Нямізе. «Гэты герой, на мой погляд, —увасабленьне беларусаў больш маладога пакаленьня, 20—30-гадовых, якія стаяць на скрыжаваньні, і яны як бы ўсё разумеюць, што адбываецца, але зрабіць першы крок і сказаць слова „не“ гэтай уладзе, на жаль, ня могуць. І гэта таксама такая трагічная гісторыя, трагічная роля».
Ролю бабулі галоўнага героя выконвае вядомая блогерка, стваральніца публічнай групы ў Фэйсбуку «Хватит бояться!» Тацяна Мартынава. Яна ў жніўні 2020-га выехала зь Беларусі, апасаючыся свайго арышту. Гэта яе дэбют на тэатральнай сцэне, але з боку ўспрымаецца як вельмі ўпэўнены — яна вельмі шмат імправізавала з тэкстамі.
«Вядома, заўсёды складана выходзіць на сцэну упершыню. Тацяна, натуральна, хвалюецца, але я спадзяюся, што яна утаймуе сваё хваляваньне і зробіць усё магчымае, каб усё выйшла. Але, вядома, для мяне важна было, каб ролю бабулі выканаў чалавек, які мае сваю пазыцыю. І, дарэчы, большасьць актораў, якія занятыя ў спэктаклі — і ў Менску, і ў Кіеве, яны сапраўды пратэставыя артысты, якія перакананыя, што перамены ў нашай краіне неабходныя», — расказаў рэжысэр-пастаноўшчык Уладзімер Ушакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму і як стваральніца фб-суполкі «Хватит бояться!» зьехала зь БеларусіУ спэктаклі таксама граюць тэатральная акторка і лідэрка рок-гурту Naka Анастасія Шпакоўская, якая летась у жніўні выехала ва Ўкраіну і стварыла беларускую онлайн-школу, актор тэатру і кіно Аляксей Яравенка, актор і рэжысэр Беларускага свабоднага тэатру Павал Гарадніцкі.
«Мы не асобна ад беларусаў»
Яшчэ трое актораў — Юлія Гершанік, Анастасія Салата і Васіль Працюк — запрошаныя з кіеўскіх тэатраў.
Анастасія Салата працуе ў кіеўскім тэатры «Залатая брама» («Золоті ворота» укр.) і тэатры антрэпрызы «ТЕ-АРТ».
«Пастаноўка неймаверна цікавая тым, што, на маю думку, кожнаму з актораў ёсьць што граць, а па-другое, мы расказваем жахлівую гісторыю і нам важна сапраўды яе распавесьці, а ня проста выйсьці і нешта адыграць. Гэта раман, які перароблены ў п’есу, і мне здаецца, што гэтая праца знойдзе водгукі ў сэрцах як украінцаў, так і, вядома ж, беларусаў. Я вельмі хацела б, каб беларусы зразумелі, што мы тут не асобна ад іх, што мы сапраўды іх падтрымліваем і мы сапраўды разам», — сказала Анастасія Салата Свабодзе.
Прэм’ера адбудзецца бяз аўтара
Уладзімер Ушакоў кажа, што на кіеўскай прэм’еры чакалі і аўтара Сашу Філіпенку. Але праз эпідэмію каранавірусу, ён ня змог прыехаць у Кіеў. «Будзем спадзявацца, што ён зможа прыехаць пазьней», — адзначыў рэжысэр-пастаноўшчык і дадаў, што спадзяецца на поўную залю гледачоў на сцэне ў Даўжэнка-Цэнтры.
«Прадаюцца квіткі толькі на 50 працэнтаў месцаў у залі ў сувязі з пандэміяй. І мы абавязкова вытрымліваем ўсе карантынныя патрабаваньні, усе ўмовы, каб паўнавартасна правесьці спэктакль».
Адначасова менскі Сучасны мастацкі тэатар рыхтуецца да гастроляў ва Ўкраіне. Спачатку іх перанесьлі зь сьнежня на красавік, а цяпер ужо плянуюць на верасень.