Ірына Касьцючэнка была адным зь юрыстаў кампаніі, нядаўна яна зьмяніла працу. Як паведамляе Tut.by, Ірыну забралі проста з новага месца працы. Цяпер яна ў ІЧУ на Акрэсьціна. Яе працэсуальны статус невядомы.
18 траўня сілавікі з ДФР прыйшлі ў офіс Tut.by, да рэдактараў і журналістаў, а таксама ў афіліяваныя праекты. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што на службовых асобаў ТАА «Тут Бай Мэдыя» завялі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
Маючы статус рэзыдэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, «не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў».
На 20 траўня затрыманыя сама меней 14 чалавек:
- рэдактарка Вольга Лойка
- журналістка Алена Талкачова
- галоўны рэдактар Марына Золатава
- генэральны дырэктар Людміла Чэкіна
- галоўная бухгальтарка Анжэла Асад
- намесьніца дырэктара Ірына Рыбалка
- галоўны інжынэр Ала Лапатко
- юрыстка Кацярына Ткачэнка
- намесьніца галоўнага бухгальтара Марыя Новік
- намесьнік генэральнага дырэктара па тэхнічных пытаньнях Аляксандар Дайнека
- мэнэджар Андрэй Аўдзееў
- генэральны дырэктар зьвязанай з Tut.by плятформы Hoster.by Сяргей Павалішаў
Невядома дагэтуль, дзе знаходзіцца ўдава заснавальніка парталу Юрыя Зісера драматург Юлія Чарняўская. Вядома, што пасьля прыходу сілавікоў у яе здарыўся гіпэртанічны крыз, яе пад канвоем дастаўлялі ў шпіталь, а потым вывезьлі адтуль у невядомым кірунку.