«У топ-мэнэджараў знайшлі грошы? Сэнсацыя». Tut.by адказаў на абвінавачаньні зь сюжэту АНТ

Офіс Tut.by, архіўнае фота

У сераду вечарам на канале АНТ выйшаў сюжэт з тлумачэньнем перасьледу ўладамі кампаніі «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» (далей — Tut.by). Пра сутнасьць прэтэнзій да кампаніі расказаў намесьнік начальніка 3-й управы ДФР КДК Аляксандар Пракопенка. Пасьля эфіру каманда Tut.by адказала на закіды.

Падаём і прэтэнзіі, і адказы сьцісла.

1. Tut.by выкарыстоўваў староньняе праграмнае забесьпячэньне, хоць гэта забаронена рэзыдэнтам ПВТ.

— Разьдзелаў парталу, якія прыносяць выручку і ў якіх адсутнічае ў тым ці іншым выглядзе ўласная распрацоўка праграмнага забесьпячэньня, Tut.by ня мае.

2. Tut.by ухіліўся ад падаткаў на мільёны даляраў ЗША.

— Адкуль такая сума, як так хутка падлічылі ў ведамстве — адкрытыя пытаньні.

3. Tut.by незаконна карыстаўся льготамі. Гендырэктар зарабіла шасьцізначную суму, а заплаціла ў пэнсійны фонд двухзначную.

— Усякі супрацоўнік кампаніі, якая ўваходзіць у ПВТ, плаціць у пэнсійны фонд 1% ад сярэдняга заробку ў краіне за месяц (+34% плаціць працадаўца). Дзяржава сама ж і ўвяла гэтую прэфэрэнцыю для ПВТ. Усе падаткі кампанія плаціла паводле ставак для рэзыдэнтаў ПВТ. Акрамя таго, інфармацыя пра заробкі ёсьць канфідэнцыйнай і ахоўваецца законам «Аб пэрсанальных дадзеных».

4. У Tut.by плянавалі адкрыць рахункі ў латвійскім банку для вываду грошай.

— Адкрываць рахунак за мяжой не забаронена. Грошы былі атрыманыя легальным шляхам, зь іх заплацілі падаткі.

5. Падчас ператрусаў у супрацоўнікаў Tut.by знайшлі вялікія сумы грошай. Напрыклад, адзін трымаў дома валюты на 100 тысяч даляраў.

— Tut.by — адзін з самых пасьпяховых парталаў ва Ўсходняй Эўропе з добрымі заробкамі. Якія выплачваліся афіцыйна, зь якіх аплачваліся падаткі. У топ-мэнэджараў знайшлі грошы? Сэнсацыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я заставалася ўнутрана свабодным чалавекам». Першае інтэрвію журналісткі Барысевіч пасьля паўгода ў турме. Відэа, фота

Асобна каманда Tut.by адказала на закіды ў «андыдзяржаўнасьці» навінаў на партале.

«На дзяржаўнай ТВ спрабавалі абвінаваціць Tut.by у тым, што матэрыялы на партале падаваліся нібыта „выключна ў антыдзяржаўным рэчышчы“. А ў папрок ставяць сярод іншага тое, што „вэтэраны нібыта засталіся бяз грошай, і цэны растуць“. Прабачце. Якая краіна — такія і навіны. А паказаныя ў сюжэце загалоўкі — гэта афіцыйныя заявы беларускіх уладаў. Але Мінпрацы, Белстат і Нацбанк не сьпяшаюцца папракнуць у „антыдзяржаўнасьці“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 затрыманых, дзіўная справа з ПВТ. Што адбываецца вакол Tut.by — у пытаньнях і адказах

18 траўня сілавікі з ДФР прыйшлі ў офіс Tut.by, да рэдактараў і журналістаў, а таксама ў афіліяваныя праекты. Пад вартай застаюцца 19 чалавек.

У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што на службовых асобаў кампаніі завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад падаткаў у асабліва буйным памеры, бо яны плацілі падаткі паводле больш нізкай стаўкі для рэзыдэнтаў ПВТ.

Для ўступленьня ў ПВТ кампанія праходзіць шэраг юрыдычных працэдур:

  • падрыхтоўка бізнэс-праекту, які адпавядае пастанове Савету Міністраў;
  • падача дакумэнтаў у ПВТ;
  • рашэньне назіральнай рады ПВТ.

Відавочна, Tut.by прайшоў усе гэтыя працэдуры, і ў 2019 годзе пытаньняў да кампаніі ня ўзьнікла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачка Юліі Чарняўскай лічыць, што яе маці ўлады ўтрымліваюць як закладніцу