З заявай выступіў міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас. На сустрэчы з журналістамі ён сказаў, што 19 траўня Дзярждэпартамэнт ЗША зьбіраецца апублікаваць справаздачу пра санкцыі ў дачыненьні да шэрагу арганізацый. Адначасова, як адзначыў Маас, вядома пра існаваньне «прэзыдэнцкіх адмоваў» адносна санкцый супраць кампаніі Nord Stream 2 AG і яе выканаўчага дырэктара — грамадзяніна Нямеччыныі Матыяса Варнінга.
«Мы ўспрынялі гэта як канструктыўны крок. І мы радыя працягнуць дыскусіі з нашымі партнэрамі ў Вашынгтоне», — сказаў Маас, адзначыўшы, што абмеркаваў сытуацыю з дзяржсакратаром Энтані Блінкенам.
DW прыводзіць словы Мааса пра тое, што Бэрлін разглядае рашэньне не рабіць больш жорсткімі санкцыі «як даніну павагі тым выключна добрым адносінам, якія склаліся з адміністрацыяй Байдэна».
Раней пра тое, што адміністрацыя амэрыканскага прэзыдэнта Джо Байдэна адмовіцца ад новых санкцый супраць «Паўночнага патоку — 2» напісалі са спасылкай на ананімныя крыніцы партал Axios і агенцтва Reuters.
Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў сказаў, што вітае паведамленьні амэрыканскіх СМІ. Пяскоў дадаў, што «факт зьяўленьня такіх публікацый сам па сабе досыць пазытыўны».
Зьвесткі зьявіліся незадоўга да першай сустрэчы міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова з Энтані Блінкенам, які раней называў «Паўночны паток — 2» «дрэннай ідэяй для Эўропы і ЗША».
Адносіны паміж ЗША і Расеяй апошнія гады застаюцца вельмі напружанымі. І адміністрацыя дэмакрата Джо Байдэна знаходзіцца пад ціскам, у тым ліку з боку прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі, якія выступаюць за ўзмацненьне жорсткасьці санкцый супраць удзельнікаў будаўніцтва газаправода з Расеі па дне Балтыйскага мора.
У Вашынгтоне і сярод шэрагу эўрапейскіх лідэраў гучаць меркаваньні, што «Паўночны паток — 2» узмоцніць залежнасьць Эўропы ад расейскіх энэргапаставак, і што гэта ўзмоцніць палітычны ўплыў Масквы. Расея ў адказ называе газаправод выключна эканамічным праектам.