Паводле Міністэрства абароны Беларусі, 2 лётчыкі загінулі. Палёт быў адной з рэпэтыцый авіяшоў, якое плянавалася на выходныя на Дзень гораду. Рэпартаж Свабоды зь месца падзеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баранавічах разьбіўся вайсковы самалёт, два пілёты загінулі. Што пра іх вядомаКаля 16-й гадзіны да месца падзеньня самалёта падступіцца ўжо амаль немагчыма. Усё аточана сілавікамі. Тым ня менш людзей, якія прыйшлі паглядзець на тое, што адбылося, пастаянна прыбывае.
Выданьне «Виртуальный Брест» паведаміла са спасылкай на баранавіцкі гарвыканкам, што пры падзеньні самалёта пацярпеў мясцовы жыхар, якога шпіталізавалі зь пераломам перадплечча. Асколкамі пашкодзіла некалькі дамоў. Чыноўнікі абяцаюць іх адрамантаваць.
Што кажуць людзі
— Сяджу ў гаражы. Чую: «Бух». Выйшаў — гляджу, дым, шкло разьбітае, дэталі ляжаць, — абмяркоўваюць трагічнае здарэньне паміж сабой мясцовыя жыхары.
— Гэта яшчэ дзякуй Богу, што не на жылыя дамы. Таму што магло быць і так, — кажа мужчына, які ідзе побач. — Там, бачыце, калі прыгледзецца, ляжыць парашут, — дадае ён, паказваючы рукой у бок бліжэйшай 2-павярхоўкі. — Аднаго чалавека, які там пражываў, забралі на хуткай.
Побач зь імі праходзіць пажылая жанчына:
— Я адразу думала, што балён выбухнуў. Выглянула — чорны дым! Самалёт — гэта нічога. Але ж людзі ж загінулі.
— А тое, што сьвяткаваньне ўжо адмянілі, ведаеце? — кажа жанчына, якая гуляе з сабакам.
— Усё гэта глупства. Ня трэба было гэтага ўсяго наогул арганізоўваць. Шоў трэба на зямлі рабіць. Танцы там усялякія. А гэта што? Хіба гульня? Павінна зараз быць жалоба. Яны ж цягнулі самалёт, каб зваліцца ў гэтай пустцы. Парашут на доме зачапіўся, і там адзін ляжаў, а другога па кавалках жа разарвала, — расказвае пэнсіянэрка.
— Мой сын вось за тым самым домам жыве, дык бачыла, што ў яго дзьверы прабіў шыфэр. І на вэрандзе быў кавалак жалеза. А там, дзе другі завулак, які бліжэй да месца падзеньня, знаёмы жыве — дык у яго шклопакеты выбіла, кішкі знайшлі і руку, здаецца. Ну, і шмат бруду, але бруд жа змыецца. А жыцьцё маладых хлопцаў ужо ня вернеш.
Сьвяткаваньні скасавалі
На 21 і 22 траўня ў Баранавічах плянавалася правядзеньне сьвята «Баранавіцкая вясна-2021», прысьвечанага 150-годзьдзю гораду. Раней тэлеграм-канал Баранавіцкага гарвыканкаму анансаваў палёты авіяцыі, скачкі з парашутамі, фэстываль фарбаў, канцэрт, дыскатэку і іншыя імпрэзы.
Авіярэпэтыцыі напярэдадні ўрачыстасьці праводзіліся ў Баранавічах штодня. Многія людзі прызнаваліся, што бясконцы гук самалётаў часам ім перашкаджаў, некаторыя з жыхароў асьцерагаліся, што палёты часта адбываліся даволі нізка над жыльлём.
Сёньня пасьля абеду стала вядома, што ў сувязі з трагедыяй усе сьвяты, якія былі заплянаваныя на выходныя, мясцовыя ўлады адмянілі.