У кватэры галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» правялі ператрус, сілавікі выбілі вочка дзьвярэй

Ягор Марціновіч

19 траўня дадому да галоўнага рэдактара «Нашай Нiвы» Ягора Марціновіча прыйшлі сілавікі. Пра гэта яму паведамілі суседзі.

Дома нікога не было. Жонка Ягора Марціновіча — журналістка Tut.by Адар’я Гуштын.

«Суседзі пішуць, што вакол нашай з Adaria Gushtyn кватэры сабраліся сілавікі і, магчыма, рыхтуюцца да штурму. Барабанілі ў дзьверы, суседцы заляпілі вочка ў дзьвярах», — напісаў Ягор Марціновіч у Фэйсбуку.

Як паведаміла пазьней «Наша Ніва», сілавікі правялі ператрус у кватэры. Забралі ўсю тэхніку. Ягор Марціновіч не затрыманы, але ня можа нічога камэнтаваць, бо знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, але ня быў зьвязаны з «Нашай Нівай».

Onliner зьвярнуўся ў прэс-службу КДК ДФР з нагоды сытуацыі зь Ягорам Марціновічам. У ведамстве адказалі толькі: «Без камэнтароў». У Сьледчым камітэце адказалі, што інфармацыі наконт гэтага ў іх няма. У прэс-службе МУС і ГУУС Менгарвыканкаму камэнтары атрымаць пакуль не ўдалося.

18 траўня сілавікі з ДФР прыйшлі ў офіс Tut.by, да рэдактараў і журналістаў, а таксама ў афіліяваныя праекты. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што на службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» завялі крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Маючы статус рэзыдэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў. Па справе агулам затрымалі 10 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 затрыманых, дзіўная справа з ПВТ. Што адбываецца вакол Tut.by — у пытаньнях і адказах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа Tut.by»: што вядома на сёньня