У прыватнасьці, гаворка ідзе аб стварэньні агульнанацыянальнай лічбавай шматканальнай тэлесеткі МХ-7, якая будзе трансьляваць украінскія тэлеканалы.
Так украінская ўлада падтрымала ініцыятыву, якую выказала старшыня Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Ганна Каваленка. Паводле яе, гэтая тэлесетка ўжо да канца 2021 году будзе пакрываць 95% тэрыторыі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрэбныя вычарпальныя захады. Улады Чарнігаўшчыны пра інфармацыйныя пагрозы ў памежжы з Расеяй і Беларусьсю«Наваствораны мультыплэкс МХ-7 будзе трансьляваць ня менш за 12 незакадаваных бясплатных каналаў. Найперш — дзяржаўныя тэлекампаніі і грамадзкае вяшчаньне. У Чарнігаўскай вобласьці перадатчыкі разьмесьцяць у Нежыне, Ноўгарадзе-Северскім, Чарнігаве, Прылуках, Бахмачы і Халмах», — заявіла Ганна Каваленка, камэнтуючы рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.
У Чарнігаўскай вобласьці 7 з 22 раёнаў мяжуюць з Гомельскай вобласьцю Беларусі і Бранскай вобласьцю Расейскай Фэдэрацыі. У гэтых раёнах улады адзначалі «працяглае засільле як расейскіх, так і беларускіх каналаў». Асаблівай крытычнай сытуацыю ацанілі ў шасьці памежных раёнах — Карукаўскім, Рэпкінскім, Гараднянскім, Сямёнаўскім, Ноўгарад-Северскім ды Сноўскім, у якіх жывуць каля 200 тысяч грамадзян.
У студзені 2020 году ўкраінскія тэлеканалы закадавалі сваё вяшчаньне, а годам раней перайшлі ў лічбавы фармат працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў Беларусі зьнік спадарожнікавы сыгнал шэрагу ўкраінскіх тэлеканалаўПаводле інфармацыі Свабоды, цяпер на адлегласьці 70 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці даступныя радыёстанцыя «Мир» зь беларускім кантэнтам, канал «Культура» Беларускага радыё, а ў найбліжэйшых да Беларусі раёнах мясцовыя жыхары глядзяць Беларускае тэлебачаньне.
Разам з тым шэраг тэлевізійных апэратараў Украіны прапануюць у базавым пакеце тэлеканал «Беларусь 24», які мае афіцыйны дазвол на трансьляцыю на ўкраінскай тэрыторыі.