Пад праліўным дажджом яе сустракалі сябры і калегі-журналісты. Пацікавіліся, як прайшла апошняя ноч перад вызваленьнем.
«Хаця б добра выспалася, бо раней не ўдавалася. Я загадзя ведала, што буду рана вызваляцца, і недзе ад 4-5-й раніцы чакала, што апынуся на волі, — выпраменьвае добры настрой Кацярына. — Самаадчуваньне добрае: да таго перахварэла, а пасьля зноў займалася спортам, танцавала. Гадзіну на дзень дыхала паветрам, усё нармальна».
Першай справай хочацца абняць дачку, усіх блізкіх і родных, зьесьці маміных сырнікаў і баршчу, пералічвае пажаданьні Кацярына Барысевіч.
«А больш за ўсё хочацца паехаць у сваю вёску і вырошчваць кветкі. Дарэчы, у калёніі тры дні была на карынтыне і папрасіла сабе хоць нейкую працу. Мне далі высаджваць календулы і валошкі. Перасаджвала з адной скрыні ў другую і атрымала надзвычайнае задавальненьне. Хочацца бліжэй да прыроды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаную журналістку Tut.by Барысевіч перавялі ў гомельскую калёнію за некалькі дзён да вызваленьняШто азначае жоўтая нашыўка
З калёніі Кацярына выйшла з жоўтай нашыўкай на майцы, на якой напісана яе прозьвішча. Так пазначалі «палітычных»?
«Гэта значыць толькі тое, што я, Кацярына Барысевіч, была ў калёніі — такая зонаўская форма, — патлумачыла журналістка. — Я яе нават сама прышывала. Наогул на гэтыя тры дні мне выдалі даволі сымпатычную ружовую сукенку ў кветачкі, пінжак, касынку, ватоўку на выпадак, калі будзе холадна, і чаравічкі».
800 лістоў з волі
Яна дадае, што працэдура афармленьня заняла досыць працяглы час — трэба было сабраць усе лісты, а іх за паўгода Кацярына атрымала ня меней за 800.
Напярэдадні яе месца працы — рэдакцыя парталу Tut.by — фактычна разграмілі. Офіс заблякавалі, многіх супрацоўнікаў дапыталі і затрымалі. Пра сам факт яна даведалася ад адваката, але ніякіх падрабязнасьцяў ня ведае — як і тое, калі і якім чынам вяртацца да працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку Кацярыну Барысевіч паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізмуЯк праходзілі этапы
Таксама высьветлілася, што з Жодзіна ў Магілёў, а потым далей у Гомель Кацярыну перавозілі ў кайданках.
«Не магу сказаць, што да мяне было нейкае асаблівае стаўленьне, наадварот, супрацоўнікі былі максымальна карэктныя. Але ў мяне была карычневая картка як у асуджанага, схільнага да экстрэмізму. Усіх такіх зьняволеных этапуюць аналягічным чынам. Дарэчы, са мной былі дзьве жанчыны, асуджаныя за забойства на тэрміны 9-10 гадоў. Яны потым жартавалі, што ехалі звычайна, спакойна, а „экстрэмістаў“ кшталту мяне закоўваюць у кайданкі. Нічога, прайшла і гэты этап».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tut.by — як ствараўся і чым важны найбуйнейшы беларускі парталПра сваю справу
Кацярына Барысевіч закранула і наступствы свайго артыкулу на Tut.by, які прывёў да такога сур’ёзнага пакараньня. Нагадаем, у яе матэрыяле лекар шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Арцём Сарокіну аспрэчыў абвінавачаньні, што забіты актывіст Раман Бандарэнка быў п’яны. Сьледзтва палічыла інфармацыю разгалошваньнем мэдычнай таямніцы.
«Я 15 гадоў у журналістыцы і нічога падобнага не чакала, — прызнаецца яна. — Думаю, ніводзін журналіст на маім месцы ня мог прадбачыць, што, па сутнасьці, звычайны артыкул прывядзе цябе за краты. Не, вядома, такога павароту не прадбачыла».
Пра ўнутраную свабоду і ўласны сьвет у турме
Кацярына расказала, што ў зьняволеньні старалася ня плакаць, хоць сьлёзы на вачах часам і зьяўляліся:
«У мяне быў момант, калі я, можа, і хацела б паплакаць, у першы дзень. Але, пабачыўшы ў камэры студэнтаў 19 гадоў, гэтых дзяцей (маёй дачцэ 18 гадоў), я зразумела, што гэта ня мой варыянт. Я плакаць дакладна ня буду. Нават у турме ёсьць добрыя, можна нават сказаць шчасьлівыя дні. Гэта не таму, што нехта стварае табе такія ўмовы. Калі ты хочаш атрымліваць хоць нейкае задавальненьне ад гэтага жыцьця, яно вось такое ў цябе цяпер, то я брала максымум, што магла ўзяць».
Кацярына на сваім месяцы ў зьняволеньні раскладвала паштоўкі зь відамі Італіі, нейкія наклейкі, кубак кавы — што мела, і стварала свой уласны сьвет:
«І ў гэтым сьвеце, разумеючы, што я знаходжуся ў калёніі, я разумела, што тое, як я сябе буду адчуваць, залежыць толькі ад мяне. Таму танцы, песьні, добры настрой у нас быў заўжды. Мяне пазбавілі свабоды, але ўнутры я была свабодным чалавекам заўсёды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародныя арганізацыі і суседнія Беларусі краіны выступілі ў абарону Tut.byНа бліжэйшы час Кацярына Барысевіч заплянавала сабе адпачынак, каб пасьпець адчуць вясну, пабачыць сваякоў і сяброў. Бо мысьліць доўгатэрміновымі катэгорыямі — што будзе далей — у сучаснай Беларусі складана, падсумавала яна.
У канцы яна падзякавала ўсім, хто цягам апошняга паўгодзьдзя выказваў ёй падтрымку і салідарнасьць.
Як Кацярыну Барысевіч сустракалі дома, у Менску
Перасьлед Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна
Крымінальную справу на Кацярыну Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна распачалі летась 19 лістапада. Іх абвінавацілі ў разгалошваньні мэдычнай таямніцы, што, на думку Генэральнай пракуратуры, пацягнула цяжкія наступствы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд адмовіўся павялічваць турэмны тэрмін для журналісткі Tut.by Барысевіч. Яе вызваляць празь месяцЗа тыдзень да таго за аўтарствам Кацярыны Барысевіч на партале выйшаў артыкул, у якім са спасылкай на мэдычныя дакумэнты і каментар лекара сьцьвярджалася, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было выяўлена этанолу. Пры гэтым першыя асобы дзяржавы заяўлялі, што памерлы хлопец быў п’яны.
У выніку журналістку пакаралі пазбаўленьнем волі на 6 месяцаў калёніі і 100 базавых велічынь штрафу. Мэдыка асудзілі да 2 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на год і штрафу ў 50 базавых велічынь. Яго вызвалілі ў зале суду.
Генпракруратура спрабавала аспрэчыць «занадта мяккі» прысуд Кацярыне Барысевіч, але суд вышэйшай інстанцыі хадайніцтва не задаволіў.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».