Украіна можа набыць аналяг ізраільскага «Жалезнага купалу»

Пускавыя ўстаноўкі зэнітна-ракетнага комплексу сярэдняга радыюсу дзеяньня С-300

Міністар абароны Ўкраіны заявіў, што ягонае ведамства разглядае магчымасьць набыць аналяг ізраільскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал» для супрацьдзеяньня расейскім ракетным нападам.

«Апошнія падзеі, якія адбываюцца ў Ізраілі, даказалі неабходнасьць наяўнасьці ў краіне супрацьракетнай абароны. Хацеў бы адзначыць, што «Жалезны купал»- адзін з найлепшых узораў супрацьракетнай абароны... Разглядаем магчымасьці набыцьця чагосьці кшталту «Жалезнага купалу» — цытуе міністра абароны Ўкраіны Андрэя Тарана Укрінфарм.

Украінская служба Радыё Свабода прааналізавала аспэкты праблемы. На фоне найбольш маштабнай з 2014 года эскаляцыі паміж баевікамі палестынскай групоўкі «Хамас» і Ізраілем, супрацьракетная сыстэма «Жалезны купал» чарговы раз прадэманстравала высокую эфэктыўнасьць. Паводле прадстаўнікоў Арміі абароны Ізраіля, сыстэма ПРА змагла нэўтралізаваць 90 адсоткаў ракет, выпушчаных з тэрыторыі Сэктара Газа.


У той жа час, нядаўняя актыўнасьць расейскай арміі каля межаў Украіны таксама прымусіла ўкраінскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва загаварыць аб супрацьракетнай абароне, якая, нягледзячы на значныя пагрозы, ва Ўкраіне мае досыць абмежаваныя магчымасьці.

«На самой справе гэта ўсяго толькі апошні ўзровень ізраільскай супрацьракетнай абароны (ПРА). Ёсьць яшчэ некалькі ўзроўняў. «Жалезны купал» распрацаваны для барацьбы з ракетамі малой далёкасьці. Менавіта ракеты малой далёкасьці дастаткова хуткія. Гаворка ідзе пра ракеты тыпу «Град», тыпу «Кропка-У», — тлумачыць афіцэр рэзэрву Арміі абароны Ізраілю Віктар Верцнэр.

«Вялікая перавага „Жалезнага купала“ ў тым, што яго радар неадкладна засякае запуск, разьлічвае траекторыю ракет, разьлічвае на тое месца, куды гэтая ракета нацэленая, куды яна павінна ўпасьці. „Жалезны купал“ рэагуе вельмі хутка ў зьвязку са сваім радарам. Ракета „Тамір“ зьбівае ракеты праціўніка літаральна празь некалькі сэкундаў пасьля запуску», — працягвае Верцнэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адкуль у сэктары Газа расейская зброя і чаму там такія страты. Расказваюць экспэрты

А вось магчымасьці Ўкраіны па супрацьдзеяньні расейскім ракетам даволі абмежаваныя. Ня маючы паўнавартаснай сыстэмы ПРА, у спадчыну ад Савецкага Саюза ўзброеныя сілы атрымалі частку зэнітна-ракетных комплексаў, якія могуць зьнішчаць такія ракеты. Ключавымі тут зьяўляюцца ЗРК сярэдняй далёкасьці «Бук-М1», а таксама некалькі мадыфікацый сыстэмы С-300.

«Тэарэтычна, зэнітна-ракетныя комплексы і сыстэмы супрацьпаветранай абароны, якія стаяць на ўзбраеньні ВСУ, яны маюць магчымасьці зьбіваць балістычныя ракеты і крылатыя ракеты, але трэба ўлічваць, што гэтыя сыстэмы часоў халоднай вайны. Гэта значыць, яны вырабленыя ў Савецкім Саюзе і, вядома, яны заточаныя на тыя аб’екты, якія існавалі ў той час — 50 гадоў таму. Цяпер, вядома, тэхніка ідзе наперад, і я ня ўпэўнены, што тыя сыстэмы, якія ў нас ёсьць, могуць эфэктыўна адбіць масіраваную ракетную атаку з боку Расеі», — лічыць намесьнік дырэктара ўкраінскага Цэнтру дасьледаваньня арміі, канвэрсіі і раззбраеньня Міхайла Самусь.

Ізраільска-палестынскі канфлікт у фота