Прычынай сьмерці быў інсульт. «Ён здарыўся 3 сакавіка. Бацька быў у коме, а на 25 сакавіка адкрыў вочы і прыйшоў у сябе. Ён змагаўся за жыцьцё, як у 90-я», — напісала мне ягоная дачка Алена.
Станіслаў Гусак бачыцца сымбалічнай фігурай якраз у кантэксьце першай паловы 90-х, калі Беларусь аднавіла незалежнасьць, калі ўзьнялося нацыянальнае Адраджэньне, калі мы верылі ў перамогу. Толькі ў тыя часы і толькі такія людзі, як Станіслаў, маглі прапанаваць нагэтулькі сьмелы і грандыёзны праект, якім быў Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар.
Станіслаў Гусак нарадзіўся 29 траўня 1949 году ў Курахаве Данецкай вобласьці ва Ўкраіне, у 17 гадоў паступіў на энэргетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытуту, потым працаваў інжынэрам, майстрам, начальнікам цэху на энэргетычных прадпрыемствах Беларусі. Але пра радзіму, пра Ўкраіну, не забываўся.
«Станіслаў адчуваў эмацыйную повязь з малой радзімай, а родам ён з Данбасу, але карэннага, украінамоўнага, — прыгадвае Вінцук Вячорка. — Любіў успамінаць, як яго малога выхоўвала сям’я і сельская грамада, як прышчаплялі павагу да іншых, і як шмат зьмянілася, калі традыцыйную культуру рэгіёну выціснуў прышлы люмпэн. Станіслаў Гусак моцна перажываў за ўсе падзеі ва Ўкраіне, часта там бываў і быў надзейным прадстаўніком дэмакратычнай Беларусі.
Ён быў адважным чалавекам: і захапленьне ягонае — марское падводнае плаваньне — пра гэта сьведчыць, і — галоўнае — ён заўсёды ставіў чало палітычным выклікам, ішоў у першым шэрагу дэманстрантаў.
Жыцьцёвы досьвед натхніў Станіслава ўзяцца за аўтабіяграфічную кнігу, прычым задумваў ён пісаць яе па-беларуску, абмяркоўваў са мной плян... На жаль, падступная хвароба ўдар за ўдарам перашкодзіла плянам гэтага неардынарнага, моцнага, адданага праўдзе і беларускай справе чалавека».
Калі б Станіславу ўсё ж удалося зьдзейсьніць задуму з кнігай — тое была б гісторыя беларускай дэмакратыі ад часоў утварэньня Беларускага Народнага Фронту.
«Бываюць у гісторыі краін і народаў часы, калі адбываюцца вялікія зьмены, і ў такія часы заўсёды патрэбныя людзі, якія разумеюць неабходнасьць зьменаў і здольныя прапанаваць альтэрнатыву, — кажа Аляксандар Дабравольскі, народны дэпутат СССР і дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. — У канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя стала відавочна, што Савецкі Саюз, у складзе якога тады была Беларусь, увайшоў у глыбокі крызіс, і патрэбныя зьмены. Тады існавала толькі адна партыя, якая праводзіла выбары бяз выбару — у кожнай выбарчай акрузе вылучаўся толькі адзін кандыдат.
Каб стварыць альтэрнатыву, мусілі зьявіцца сьмелыя, разумныя і адказныя людзі. І яны зьявіліся. Адным з такіх людзей быў Станіслаў Гусак — інжынэр-энэргетык і неабыякавы чалавек. Ён стаў чальцом Беларускага народнага фронту — першай апазыцыйнай палітычнай арганізацыі ў Беларусі — і адным з заснавальнікаў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, першай зарэгістраванай партыі Беларусі. Станіслаў распрацаваў стратэгічную ініцыятыву для энэргетычнай бясьпекі Беларусі. Ён прапанаваў стварыць Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар, каб была магчымасьць атрымліваць нафту і з Балтыйскага, і з Чорнага мора. Гэтая ініцыятыва сур’ёзна прапрацоўвалася ў розных краінах, аднак не рэалізаваная да гэтай пары. Станіслаў прыклаў шмат намаганьняў, каб Беларусь стала незалежнай і дэмакратычнай краінай».
Бясспрэчна, Станіслаў Гусак, пры ўсіх ягоных іншых заслугах, увойдзе (ужо ўвайшоў) у гісторыю Беларусі як аўтар ідэі Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара (БЧНК), які павінен быў злучыць чарнаморскі і балтыйскі тэрміналы па лініі Адэса-Броды-Вэнтсьпілс. Гэта пазбавіла б Беларусь, Украіну і краіны Балтыі ад энэргетычнай залежнасьці ад Масквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар: чаму праект БНФ мог пазбавіць залежнасьці ад РасеіПраект Гусака быў часткай канцэпцыі стварэньня Балта-Чарнаморскай садружнасьці, якую вылучылі Зянон Пазьняк і Вячаслаў Чарнавол. Гэтая садружнасьць магла б аб’яднаць Украіну, Беларусь, Польшчу, Літву, Латвію і Эстонію (натуральна, пры захаваньні поўнай незалежнасьці кожнай з краінаў) — у тым ліку і ў абароне ад палітычнага і эканамічнага ціску з боку Расеі. Але некаторым кіраўнікам заходніх суседніх краінаў здавалася, што Расея ўжо ніколі ня выявіць імпэрскіх амбіцый, бо ў Крамлі дэмакрат Барыс Ельцын, што яны ўжо амаль дзьвюма нагамі ў ЭЗ і NATO, ну а Беларусь і Ўкраіна... Што ж, у кожнай краіны, як і ў кожнага чалавека, свой лёс.
Час паказаў, чаго вартыя такія ацэнкі.
У ліпені 1993 году БНФ правёў канфэрэнцыю з удзелам прадстаўнікоў Латвіі, Літвы, Украіны, Польшчы. Прадстаўлены Гусакам праект БЧНК быў ухвалены, і дэпутаты БНФ пазнаёмілі зь ім тагачаснага старшыню Саўміну Беларусі Вячаслава Кебіча.
Інтарэс, які спачатку, як нам падавалася, прамільгнуў у Кебіча, імгненна зьнік. Праект каштаваў ад 113 да 183 мільёнаў даляраў. Сума па тых часах вялізная, хаця Беларусі давялося б унесьці толькі частку. Рэалізацыя праекту БЧНК прыносіла б у бюджэт Беларусі да 250 мільёнаў даляраў у год. Як бачыце, гэта ў два разы перакрывае першапачатковыя расходы на пабудову калектара. Але Кебіч баяўся пасварыцца з Масквой. Да таго ж і ён, і ягонае атачэньне думалі адным днём і вельмі часта ацэньвалі ідэі з інтарэсаў зусім не нацыянальных.
Тагачаснае кіраўніцтва Беларусі было, на маё перакананьне, цалкам пазбаўленае стратэгічнага мысьленьня ў нацыянальных інтарэсах, калі рашэньні прымаюцца з разьліку ня сёньняшняга дня, а з пэрспэктывай на 10, 20, нават 50 гадоў.
І вось на гэтым фоне стратэгічнае мысьленьне Станіслава Гусака ўражвае. Спэцыяліст, прычым найвышэйшай кваліфікацыі, у энэргетыцы, сфэру гэтую ён бачыў у кантэксьце пабудовы і ўмацаваньня адноўленай беларускай дзяржаўнасьці. Глядзеў у будучыню на дзесяцігодзьдзі.
Але час у Беларусі рушыў назад.
«Незадоўга да выбараў прэзыдэнта ў 1994 годзе ў газэце Менгарсавету «Добры вечар» ён напісаў прарочы артыкул «Востребованной лжи всегда найдётся лжец», — прыгадвае дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Павал Знавец. — Напрыканцы артыкула, памятаю, быў ягоны зварот да Бога, каб Усявышні паслаў нашаму народу, далей цытую блізка да тэксту: «...прозрение, а то ведь выберем себе в главные начальники либо спившегося инженера, либо, что ещё страшнее — самовлюблённого неуча». Як па мне, хай бы выбралі «спившегося инженера».
На выбарах 1994 году член Ценевага кабінэту Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Станіслаў Гусак быў у камандзе Зянона Пазьняка. У многіх у памяці засталіся ўражаньні ад прамога эфіру з удзелам гэтай каманды прафэсіяналаў — у тым ліку і ад словаў Станіслава Гусака, што «мы пераплочвалі Расеі за адну тону нафты пяць сусьветных коштаў», і ад ягонага тлумачэньня, чаму так адбываецца. І што трэба зрабіць, каб не марнаваць народныя грошы.
Пасьля 94-га пачалася іншая гісторыя, у якой Станіслаў выявіў сябе сапраўдным барацьбітом за ідэалы дэмакратыі.
«Стас быў надзвычайным чалавекам. Вялікім сябрам Руху і сябрам многіх рухаўцаў. Маім таксама. Разам зь Міхаілам Байчышыным распрацоўваў вялікі праект — Балта-Чарнаморскага калектара. Ён быў сапраўдным патрыётам і годным, прыстойным чалавекам» — кажа Алена Бандарэнка, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны чатырох скліканьняў, намесьніца старшыні РУХу Вячаслава Чарнавола ў 90-я гады.
«Станіслаў Гусак увасабляў сабой многія каштоўнасьці — надзейнасьць, кампэтэнтнасьць, перакананасьць, — кажа Вінцук Вячорка. — Сьветлая памяць».
Разьвітальная паніхіда пройдзе 19 траўня з 13 да 14 гадзіны ў Цырыманіяльнай залі па адрасе: зав. Кабушкіна, 49 (насупраць Куляшова, 12).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр Станіслаў Гусак, аўтар праекту Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару