Журналіста і сябра «Саюзу палякаў» у Беларусі Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка ў Горадні і даставілі на допыт у Сьледчы камітэт у Менску. У статусе падазраванага ў крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (ажыцьцяўленьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і рэабілітацыі нацызму) яго пакінулі пад вартай у СІЗА-1.
Санкцыя артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы палякі, але наш абавязак — служыць Беларусі». Што гавораць бацькі журналіста Пачобута, які сядзіць у «польскай справе»Перасьлед АнджэяПачобута адбываецца ў рамках ціску на польскую меншасьць у Беларусі. Сьледам за ператрусамі і затрыманьнямі прадстаўнікоў Саюзу палякаў у Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях улады пачалі праверку ўстановаў, дзе вывучаецца польская мова і культура.
Раней Анджэй Пачобут ужо быў палітычным вязьнем. У 2011 годзе Горадзенская абласная пракуратура пачала супраць яго крымінальную справу за абразу і паклёп на прэзыдэнта Беларусі. Судовы працэс быў закрытым. 5 ліпеня таго ж году судзьдзя Ленінскага раённага суду Горадні Віталь Ляцко асудзіў яго на 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Паводле артыкулу, які тычыўся абразы прэзыдэнта, журналіста апраўдалі і вызвалілі ў залі суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэрка Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс застанецца пад вартай яшчэ 5 месяцаўНовы адрас для лістоў Андрэю Пачобуту. Сьледчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.
Сьледчы камітэт працягвае перасьлед польскіх актывістаў у рамках свайго расьсьледаваньня. У апошнія дні кіраўнікоў структураў Саюзу палякаў Беларусі выклікалі для допытаў у Горадні, Менску, Маладэчне, Індуры ды іншых месцах.
Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт
- 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
- 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
- 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
- 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
- 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
- 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
- 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
- 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
- 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
- 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
- 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».