Як чакаецца, у манэўрах будзе задзейнічана каля 7000 вайскоўцаў Эстоніі, ЗША, Латвіі, Польшчы, Італіі, Францыі, Даніі і Вялікай Брытаніі, баявой групы NATO, а таксама некалькі соцень адзінак тэхнікі. Будуць правярацца ўзаемадзеяньне розных узроўняў камандаваньня і гатоўнасьць частак да выкананьня баявых задач.
У траўні і чэрвені краіны NATO і іх партнэры праводзяць у Эўропе цэлы шэраг вайсковых вучэньняў. Прадстаўнік Генштабу Беларусі Ігар Кароль выказаў меркаваньне, што падчас вучэньняў «адпрацоўваюцца варыянты нанясеньня ўдараў як па Рэспубліцы Беларусь, так і па Расейскай Фэдэрацыі».
Ніводнае зь сёлетніх вучэньняў NATO не адбываецца ля мяжы зь Беларусьсю.
Якія яшчэ вучэньні праходзяць у Эўропе
- Амэрыканскія вучэньні Defender-Europe 21
Манэўры Defender-Europe («Абаронца Эўропы») праходзяць штогод. Арганізоўваюць іх амэрыканскія сухапутныя войскі, а ўдзел бяруць і іншыя краіны — як чальцы NATO, так і дзяржавы-партнэры. Сёлета да вучэньняў, акрамя ЗША, далучыліся 25 краін. Большасьць — эўрапейскія сябры альянсу, а таксама Канада, Украіна, Грузія, Малдова і ўсе краіны Заходніх Балканаў, акрамя Сэрбіі. Defender-Europe 21 пройдуць на тэрыторыі 16 краін. Ні Ўкраіны, ні Грузіі сярод іх няма.
Паводле намесьніка начальніка штабу Вярхоўнага галоўнакамандаваньня сіламі NATO ў Эўропе генэрал-лейтэнанта Брыса Удэ, адначасова ў Defender-Europe 21 будуць задзейнічаныя максымум дзевяць тысяч салдат.
У NATO і Пэнтагоне падкрэсьліваюць абарончы характар усіх вучэньняў Defender. «Гэта тое, што салдаты робяць. Яны трэнуюцца. Мы мусім трэнавацца. Калі мы не трэнуемся, то мы не гатовыя», — кажа генэрал Брыс Удэ.
Вучэньні Defender-Europe 21 найперш сканцэнтраваныя на Балканах і рэгіёне Чорнага мора. Іх асноўная мэта — «падтрыманьне і ўзмацненьне апэратыўнай сумяшчальнасьці паміж войскамі ЗША і іншых краін NATO, а таксама іх партнэраў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савет бясьпекі: «Вучэньні каля межаў Беларусі ідуць літаральна круглыя суткі»- Swift Response
Defender-Europe 21 ахоплівае і шэраг зьвязаных зь імі вучэньняў. Удзельнікі Swift Response («Хуткі адказ»), каля сямі тысяч салдат і афіцэраў, засяродзяцца на трэнінгах паветранага дэсанту ў Эстоніі, Баўгарыі і Румыніі.
- Immediate Response
Манэўры Immediate Response («Імгненны адказ»), у якіх задзейнічаныя пяць тысяч вайскоўцаў, стартавалі 15 траўня. Падчас іх пройдуць стрэльбы, а таксама высадка з транспартных караблёў на бераг.
- Steadfast Defender
Паралельна NATO правядзе свае вучэньні Steadfast Defender 2021 («Непахісны абаронца»). Праходзяць у Атлянтычным акіяне, у нямецкім Ульме і ў рэгіёне Чорнага мора, у Румыніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Расея можа напасьці на Ўкраіну. Некалькі магчымых сцэнароў- Capable Deployer 2021
Вучэньні па апэратыўнай сумяшчальнасьці сіл саюзьнікаў, Румынія, 2-23 траўня.
- Wind Spring 21
Падтрыманьне апэратыўнага патэнцыялу плянаваньня, 2-27 траўня, Румынія.
Чаму колькасьць вайскоўцаў — важны паказьнік
- Венскі дакумэнт 2011 году аб мерах умацаваньня даверу і бясьпекі вызначае абмежаваньні: калі ў вайсковай дзейнасьці «ў любы час» занятыя сама меней дзевяць тысяч чалавек, то пра гэта неабходна апавяшчаць іншыя дзяржавы – удзельніцы пагадненьня. Калі ж перавышаецца парог у 13 тысяч вайскоўцаў, то на вучэньні неабходна запрасіць замежных назіральнікаў.
- Паводле дадзеных Вашынгтону, Брусэлю і Кіева, Расея ў красавіку сканцэнтравала ля межаў з Украінай і ў анэксаваным Крыме звыш 100 тысяч вайскоўцаў. Масква адмовілася ўдзельнічаць у пасяджэньні АБСЭ, якое 10 красавіка склікала Ўкраіна для таго, каб Расея дала інфармацыю аб сваёй вайсковай дзейнасьці. Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу назваў праверку баявой гатоўнасьці адным з захадаў у адказ на «вайсковую дзейнасьць NATO».