«Таталітарная сыстэма выкарыстоўвала барбарскія мэтады пакараньня сьмерцю, зьнішчаючы тысячы лёсаў і ператвараючы тысячы людзей у лягерны пыл. Сумнавядомы сымбаль гэтых злачынстваў — Быкаўнянскі лес на ўскрайку Кіеву. На працягу 1937-1941 гадоў ён быў месцам тайнага пахаваньня ахвяр палітычных рэпрэсій, закатаваных і расстраляных органамі НКУС у кіеўскіх турмах».
У нядзелю на ўваходзе ў Нацыянальны гісторыка-мэмарыяльны запаведнік «Быкаўнянскія магілы» прынесьлі кошык з кветкамі ад прэзыдэнта Ўкраіны. Кветкі таксама ўсклалі да брацкай магілы і памятнага знака польскіх пахаваньняў на тэрыторыі мэмарыялу.
Быкаўнянскае пахаваньне ахвяр сталінскага тэрору — самае вялікае ва Ўкраіне. На працягу 1937-1941 гадоў грузавікі GaZ-AA, вядомыя ў народзе як «палутаркі», амаль кожную ноч прывозілі целы расстраляных у турмах НКУС у Кіеве для тайнага пахаваньня ў Быкаўнянскім лесе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэмарыялы ахвярам сталінізму ў Быкаўні і Курапатах: 6 падабенстваў і адрозьненьняўМэмарыялы ахвярам сталінізму ў Быкаўні і Курапатах: падабенства і адрозьненьні
- Ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, увага да месцаў магчымых масавых пахаваньняў ахвяраў НКВД узмацнілася ў часе савецкай «перабудовы». Менавіта дзякуючы грамадзкай ініцыятыве ў 1989 годзе ў Быкаўнянскім лесе пад Кіевам пачалі праводзіць раскопкі. І тады ж — у Курапатах пад Менскам.
- Паводле гісторыкаў, у Быкаўнянскім лесе пахавана да 100 000 чалавек, забітых савецкімі ўладамі. Паводле вынікаў першага ў Беларусі сьледзтва, якое праводзілася ў 1988 годзе, колькасьць ахвяраў сягала 30 тысяч чалавек. У сярэдзіне 90-х, у часе паўторнага сьледзтва, маштабы зьменшылі да 7 тысяч асобаў.
- У Быкаўнянскіх лясах толькі хавалі, а не расстрэльвалі, як у Курапатах.
- Ва Ўкраіне ў жніўні 1994 году новаабраны прэзыдэнт Леанід Кучма ініцыяваў узьвядзеньне мэмарыяльнага комплексу на тэрыторыі Быкаўні, які ўжо праз год быў адкрыты. У Беларусі народны мэмарыял у Курапатах паўстаў выключна стараньнямі грамадзтва, часам насуперак імкненьням і крокам дзяржавы.
- У Быкаўні ідэнтыфікавалі 14 тысяч ахвяраў, у Курапатах вядомыя імёны толькі адзінак.
- Штогод у трэцюю нядзелю траўня ў Быкаўні адбываюцца афіцыйныя памятныя імпрэзы, у якіх бяруць удзел кіраўнікі ўсіх органаў улады Ўкраіны, у тым ліку прэзыдэнт, а таксама прадстаўнікі дыпляматычных прадстаўніцтваў. Кіраўнік Беларусі ніколі ня быў у Курапатах, пра што сам расказваў у інтэрвію.
- У Беларусі ў ахоўнай зоне Курапатаў пабудавалі рэстарацыю «Поедем поедим». Актывісты тры гады пікетавалі рэстарацыю, але ўвесну 2021, калі ўдзельнікаў «Курапацкай варты» арыштавалі, вырашылі спыніць акцыю.