Нямецкая мэдыякампанія Deutsche Welle (DW) асудзіла абвінаваўчы прысуд у дачыненьні да беларускага журналіста Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з DW. 15 траўня Буракоў быў арыштаваны на 20 сутак за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу году.
«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна адмяніць прысуд і выказваем рашучы пратэст супраць парушэньня гарантаваных канстытуцыяй правоў СМІ ў Беларусі», — цытуе БелаППН генэральнага дырэктара DW Петэра Лімбурга.
Абвінавачваньне «наўмысна сфабрыкаванае», падкрэсьліў ён, «а абыходжаньне з Аляксандрам Буракову паказвае, што рэжым прымае ўсё больш радыкальныя меры супраць журналістаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты Буракоў і Лапцэвіч абвясьцілі галадоўку ў магілёўскім ізалятары. Міліцыя абвяргаеМагілёўскіх журналістаў Алеся Буракова і Ўладзімера Лапцэвіча асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў паўторна цягам году.
Буракова і Лапцэвіча затрымалі 12 траўня непадалёк ад будынка Магілёўскага абласнога суду, дзе ў той дзень пачаўся закрыты працэс над сустаршынём аргкамітэту партыі «Беларуская Хрысьціянскага Дэмакратыя» Паўлам Севярынцам ды актывістамі кампаніі «Эўрапейская Беларусь».
Абодва журналісты абʼявілі галадоўку на знак пратэсту супраць умоваў утрыманьня.