Дыпляматы краінаў Эўразьвязу не змаглі трапіць на суд па «справе студэнтаў»

Дзясяткі чалавек прыйшлі да Дому правасудзьдзя падтрымаць 12 фігурантаў «справы студэнтаў», суд над якімі распачаўся сёньня. Большасьць зь іх у суд трапіць не змагла, у тым ліку журналісты.

Дыпляматам краін Эўрапейскага Зьвязу не ўдалося атрымаць доступ у залю, дзе судзяць студэнтаў за ўдзел у пратэстах пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, паведаміла прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.

У паведамленьні на старонцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Facebook удакладняецца, што дыпляматычныя місіі маюць права ў адпаведнасьці зь Венскай канвэнцыяй аб дыпляматычных зносінах сачыць за разьвіцьцём ключавых падзей у краінах, у якіх яны працуюць, у тым ліку — за ходам судовых пасяджэньняў.

«Празрыстасьць дзейнасьці судоў у Беларусі замацаваная законам, каб забясьпечыць фундамэнтальнае права ўсіх затрыманых на незалежны і справядлівы суд. Мы заклікаем Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязаньні і абавязаньні ў рамках ААН і АБСЭ і забясьпечыць выкананьне правоў чалавека і асноўных свабодаў, у тым ліку ў адпаведнасьці зь міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе трымаюцца годна». Як 12 чалавек судзяць у «справе студэнтаў»

Па «справе студэнтаў» праходзяць 12 чалавек: 10 студэнтаў розных сталічных ВНУ, выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава і сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады, актывістка «Моладзевага блёку» Алана Гебрэмарыям. Студэнтаў затрымалі 12 лістапада 2020 году за ўдзел у акцыях пратэсту. Вольга Філатчанкава ўдзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту супраць гвалту.

Фігурантаў справы абвінавачваюць у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя зь яўным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якое прывяло да парушэньня працы ўстановаў і транспарту. Ім пагражае да трох гадоў турмы. Праваабаронцы прызналі ўсіх іх палітвязьнямі.

У пятніцу каля Дома правасудзьдзя ў Менску, дзе пачаўся разгляд «справы студэнтаў», затрымалі 14 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шмат вольнага часу і можна не баяцца задаваць пытаньні». Гісторыі студэнтаў, якія пакінулі Беларусь і вучацца ў ЭГУ