Лідэрка Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс застанецца пад вартай яшчэ 5 месяцаў

Анжаліка Борыс, архіўнае фота.

Тэрмін папярэдняга зьняволеньня старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс падоўжаны на пяць месяцаў.

Як піша партал Саюзу палякаў Беларусі znadniemna.pl са спасылкай на ўласныя крыніцы, такое рашэнне прынятае Генэральнай пракуратурай. Пры гэтым невядома, ці прымянялася сьледзтвам такая самая мера да астатніх палякаў, зьняволеных у менскім сьледчым ізалятары № 1.

Усе фігуранты праходзяць у справе аб «распальваньні нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыі нацызму», за што ім пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Гэта чальцы галоўнай рады арганізацыі: кіраўніца аддзяленьня ў Ваўкавыску Марыя Цішкоўская, кіраўніца аддзяленьня ў Лідзе Ірэна Бярнацкая, сябра галоўнай рады і журналіст Анджэй Пачобут і старшыня Форуму польскіх мясцовых ініцыятываў у Берасьці Ганна Панішава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы напісаў ліст зьняволеным актывістам Саюзу палякаў Беларусі

Акрамя таго, па тым жа артыкуле, што і польскія актывісты, арыштаваны мастак Алесь Пушкін. Яго абвінавацілі ў «рэабілітацыя нацызму» за публічную дэманстрацыю партрэта беларускага змагара 1950-х гадоў Яўгена Жыхара. Працу паказалі на выставе ў Цэнтры гарадзкога жыцьця ў Горадні, які ўзначальвае журналіст Павал Мажэйка. Ён таксама абвінавачваецца ў «рэабілітацыі нацызму» за арганізацыю выставы і цяпер па рашэньні суду выконвае фармальнасьці, зьвязаныя зь ліквідацыяй ягонай культурнай установы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр правяла сустрэчу ў МЗС Польшчы, асудзіла ўціск польскай меншасьці ў Беларусі

Аднак Сьледчы камітэт працягвае перасьлед польскіх актывістаў у рамках свайго расьсьледаваньня. У апошнія дні кіраўнікоў структураў Саюзу палякаў Беларусі выклікалі для допытаў у Горадні, Менску, Маладэчне, Індуры ды іншых месцах.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».