Што было на землях сучаснага Ізраілю да пачатку супрацьстаяньня паміж арабамі і габрэямі?
Да І сусьветнай вайны землі сучаснага Ізраілю знаходзіліся ў складзе Асманскай імпэрыі і называліся Палестынай. На гэтай тэрыторыі побач жылі габрэі і арабы.
Супраць войскаў Асманскай імпэрыі ў гэтым рэгіёне ваявала брытанская армія. За абяцаньне падтрымаць у будучым арабскую незалежнасьць арабы дапамаглі брытанцам ваяваць супраць туркаў. Але ў той жа час падобнае абяцаньне наконт габрэйскай дзяржавы атрымалі і габрэі — у дакумэнце, вядомым як Дэклярацыя Бальфура.
У 1922 годзе Ліга нацыяў (папярэднік ААН) перадала тэрыторыю Палестыны пад мандат Вялікай Брытаніі, якая і ажыцьцяўляла там кіраваньне амаль 25 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па Ізраілі за 3 дні было выпушчана 1600 ракет. Па сэктары Газа нанесена 600 удараўШто стала прычынай варожасьці паміж арабамі і габрэямі ў Палестыне?
Абодва бакі разглядалі Палестыну як сваю будучую дзяржаву.
Габрэі пачалі масава іміграваць у Палестыну напрыканцы XIX стагодзьдзя. Першая вялікая хваля імігрантаў прыбыла туды ў 1881 годзе, ратуючыся ад пагромаў у Расейскай імпэрыі. Але сапраўды магутным штуршком стала ідэя сіянізму, якая ўзьнікла дзякуючы Тэадору Герцлю і абвяшчала неабходнасьць стварыць у Палестыне габрэйскую дзяржаву. У выніку туды пачалі масава прыяжджаць габрэі ЗША і Эўропы. Вялікая частка прыежджых паходзіла з сучасных земляў Беларусі, дзе таксама існавалі сіянісцкія арганізацыі.
Працэс габрэйскай эміграцыі ў Палестыну выклікаў вялікую варожасьць арабаў, якія таксама выказвалі свае правы на гэтыя землі.
Першыя арабскія пратэсты пачаліся яшчэ ў 1920 годзе, зь цягам часу яны ператварыліся ў сталы канфлікт за землі Палестыны. Дзеля абароны ад пагромаў габрэі стварылі парамілітарную арганізацыю «Хагана». Арабы, у сваю чаргу, таксама пачалі ствараць парамілітарныя арганізацыі і выступаць ня толькі супраць габрэяў, але і брытанцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ізраілі ў выніку абстрэлу з паласы Газы загінула жанчына зь БеларусіНа чыім баку былі брытанцы і які быў іх плян урэгуляваньня канфлікту?
У той час будучы статус Палестыны яшчэ быў невядомы. У 1921 годзе ва ўсходняй частцы Палестыны ўзьнік эмірат Трансіярданія, які заставаўся пад брытанскім кантролем да 1946 году, пакуль не абвясьціў незалежнасьць.
З прыходам да ўлады ў Нямеччыне Гітлера хваля эміграцыі габрэяў у Палестыну павялічылася. Арабы дамагаліся, каб брытанцы забаранілі габрэям прыяжджаць, але плёну гэта не прынесла.
Плян брытанцаў, як урэгуляваць канфлікт, заключаўся ў тым, каб стварыць у Палестыне дзьве дзяржавы: меншую габрэйскую і большую арабскую. Арабы гэты плян адрынулі і заявілі, што будуць змагацца за поўную незалежнасьць. У 1936–1939 гадах у Палестыне адбываліся сур’ёзныя антыгабрэйскія выступленьні, якія атрымалі назву «Арабскае паўстаньне ў Палестыне». Яно скончылася паразай арабаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Ізраілю просіць Беларусь асудзіць ракетныя абстрэлы з боку палестынцаўЯк паўплывала на канфлікт ІІ сусьветная вайна?
Пасьля вайны ў Палестыну пачалі прыяжджаць габрэі, які перажылі Галакост. Брытанцы ўводзяць квоты на прыезд і дэпартуюць караблі з габрэямі ў Эўропу, частку зьмяшчаюць у лягеры для інтэрнаваных на Кіпры.
Габрэйскія арганізацыі пачалі радыкалізавацца і ўчынялі напады на брытанскія аб’екты. На пачатку 1947 году Вялікая Брытанія адмовілася ад ролі мэдыятара паміж арабамі і габрэямі.
Плян падзелу Палестыны і незалежнасьць Ізраілю
У 1947 годзе ААН прыняла рашэньне падзяліць Палестыну паміж арабамі і габрэямі. Габрэйская дзяржава мелася заняць 56% Палестыны, арабская — 42%. Габрэі падтрымалі гэтае рашэньне, але арабы адрынулі, назваўшы несправядлівым, бо габрэі нават у сваёй частцы краю складалі меншасьць насельніцтва.
У 1948 годзе габрэі абвясьцілі пра стварэньне Дзяржавы Ізраіль. Празь некалькі дзён Арабская ліга (Ірак, Сырыя, Лібан, Трансіярданія і Эгіпет) рушыла на яе войскі. Пачалася Першая арабска-ізраільская вайна. Перамог урэшце Ізраіль, захаваўшы сваю незалежнасьць і павялічыўшы тэрыторыю.
Чаму канфлікт не спыніўся пасьля ўзьнікненьня Ізраілю?
Арабскія краіны не прызнавалі існаваньня Дзяржавы Ізраіль, у гэтым іх падтрымліваў СССР.
- У 1956 годзе прыхільны СССР эгіпецкі лідэр Гамал Абдул Насэр, які падтрымліваў палестынцаў, паспрабаваў нацыяналізаваць Суэцкі канал і закрыць яго для заходніх суднаў. Гэта прывяло да збройнага выступленьня Ізраілю, Францыі і Вялікай Брытаніі. Эгіпет пацярпеў паразу, а Ізраіль далучыў да сябе новыя землі.
- У 1964 годзе палестынцы стварылі Арганізацыю вызваленьня Палестыны, якую ўзначаліў Ясір Арафат. Яна займалася тэрарыстычнай дзейнасьцю. Адным з самых вядомых эпізодаў яе дзейнасьці стаў замах на ізраільскіх спартоўцаў падчас алімпіяды ў Мюнхэне ў 1972 годзе.
- У 1967 годзе адбылася «шасьцідзённая вайна». Яна сталася вынікам савецкай правакацыі. Масква ўвяла ў зман эгіпецкага лідэра Анвара Садата, што нібыта Ізраіль зьбірае войскі каля мяжы Эгіпту. Ізраільскія войскі нанесьлі папераджальны ўдар па Эгіпце, Сырыі і Ярданіі. У выніку Ізраіль заняў Усходні Ерусалім, большую частку Галянскіх вышыняў (Сырыя), Заходні бераг ракі Ярдан (які ўваходзіў у Трансіярданію) і Сынай (Эгіпет). Тады ж пад кантроль Ізраілю трапіў і сэктар Газа, які спачатку ўваходзіў у склад Палестыны, але пасьля абвяшчэньня Ізраілем незалежнасьці кантраляваўся Эгіптам.
- У 1973 годзе эгіпецкія і сырыйскія войскі напалі на Ізраіль. Гэтая вайна вядомая як Ём Кіпур (вайна Суднага дня). Нягледзячы на нечаканасьць удару, ізраільскія войскі празь некалькі дзён узялі сытуацыю пад кантроль.
- У 1987 годзе пачалося паўстаньне палестынцаў (так званая інтыфада) супраць заваёваў Ізраілю падчас «шасьцідзённай вайны». У гэты час узьнік ісламісцкі рух ХАМАС (скарот ад «Ісламскага руху супраціву»), які пазьней Ізраіль і многія краіны Захаду прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.
Як і хто спрабаваў урэгуляваць канфлікт?
У 1978 годзе скончыўся ізраільска-эгіпецкі канфлікт. Бакі заключылі дамову ў Кэмп-Дэвідзе (ЗША). Праз год быў падпісаны мір, паводле якога Эгіпет вяртаў сабе паўвостраў Сынай. Прэзыдэнт Эгіпту Анвар ас-Садат і прэм’ер Ізраілю Мэнахем Бэгін атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру.
У 1993 годзе Ізраіль і Арганізацыя вызваленьня Палестыны пачалі перамовы ў Осла, якія лічацца заканчэньнем першай інтыфады. У верасьні таго ж году прэм’ер Ізраілю Іцхак Рабін і Ясір Арафат на цырымоніі ў Вашынгтоне паціснулі адзін аднаму рукі, пазьней было падпісанае мірнае пагадненьне. Яго вынікам стала стварэньне Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі ў сэктары Газа і на Заходнім беразе.
У 1995 годзе тагачасны прэм’ер-міністар Ізраілю Іцхак Рабін падрыхтаваў пагадненьне, якое атрымала назву «Осла 2». Яно пашырала палестынскае самакіраваньне. У лістападзе, пасьля шматтысячнага мітынгу ў падтрымку мірнага працэсу ў Тэль-Авіве, Рабіна застрэліў праварадыкальны экстрэміст. Ён тлумачыў свой учынак тым, што «абараняў народ Ізраілю ад пагадненьняў у Осла». Тым ня менш мірны працэс працягваўся.
У 2000 годзе пачалася другая інтыфада, якая суправаджалася шматлікімі тэрактамі сьмяротнікаў. Фармальна ніхто ніколі не абвяшчаў пра яе заканчэньне. Але ў 2008 годзе лідэры ХАМАСу заклікалі да трэцяй інтыфады.
У 2002 годзе свой плян урэгуляваньня канфлікту прапанавала Саудаўская Арабія. Кронпрынц Абдала прапанаваў прызнаньне Ізраілю ўсімі арабскімі дзяржавамі ў абмен на вяртаньне габрэйскай дзяржавы да межаў, якія існавалі да «шасьцідзённай» вайны 1967 году, калі былі акупаваныя Заходні бераг і сэктар Газа. Ізраіль гэты плян адрынуў, заявіўшы, што вяртаньне да межаў перад 1967 годам немагчымае. Плян выклікаў пратэсты і ў арабскіх дзяржавах: Кувэйце, Лібіі, а таксама на саміх палестынскіх тэрыторыях.
Што зь дзяржавай Палестына?
Фармальна Палестына абвясьціла сваю незалежнасьць ад Ізраілю ў 1988 годзе. На сёньня яе прызнае большасьць краін-чальцоў ААН, але сама Палестына ў ААН не ўваходзіць. Сувэрэннай палестынскай дзяржавы фактычна не існуе. Сэктар Газа і Заходні бераг застаюцца анклявамі ў складзе Ізраілю, якія варагуюць нават паміж сабой.
З пункту гледжаньня ААН сэктар Газа і Заходні бераг знаходзяцца пад ізраільскай акупацыяй. Але рэальную ўладу ў сэктары Газа ажыцьцяўляе тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС. Ізраільская армія пакінула сэктар Газа яшчэ ў 2005 годзе. На Заходнім беразе кіруе ваенізаваная арганізацыя ФАТХ (скарот ад «Руху за нацыянальнае вызваленьне Палестыны»).
Якія адносіны паміж сэктарам Газа і Заходнім берагам?
Нягледзячы на тое, што ХАМАС і ФАТХ выступаюць за незалежную ад Ізраілю Палестыну, яны, па сутнасьці, доўгі час канфліктуюць паміж сабой. У 2006 годзе гэта прывяло да расколу Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі і збройнага канфлікту, які называюць сямігадовай грамадзянскай вайной у Палестыне.
Палестынская нацыянальная адміністрацыя не кантралюе ня толькі сэктар Газа (там кіруе ХАМАС), але і большасьць тэрыторыі Заходняга берагу (больш за палову тэрыторыі кантралюе армія Ізраілю).
Мірныя перамовы даўно зайшлі ў тупік, бо згоды няма нават паміж самімі палестынцамі. ХАМАС адмаўляе права Дзяржавы Ізраіль на існаваньне і праводзіць тэракты ня толькі супраць ізраільскай арміі, але і мірнага насельніцтва. ФАТХ, які кіруе на Заходнім Беразе, асуджае акты тэрору, але заходнія СМІ і ізраільскія арганізацыі неаднаразова публікавалі сьведчаньні датычнасьці кіраўніцтва ФАТХу да тэрарыстычнай дзейнасьці супраць Ізраілю.
Чаму ў 2021 годзе пачалося чарговае абвастрэньне?
Нагодай для абвастрэньня сытуацыі стаў разгляд справы аб высяленьні некалькіх палестынскіх сем’яў зь дамоў ва Ўсходнім Ерусаліме. Да 1948 года гэтая нерухомасьць належала ізраільцянам.
Закалоты пачаліся ў мінулую пятніцу, калі паліцыя і армія Ізраіля накіравалі падмацаваньне ва Ўсходні Ерусалім, дзе мусульмане рыхтаваліся да апошняй пятнічнай малітвы месяца Рамадан на Храмавай гары. Храмавая гара – адна з трох найважнешых мусульманскіх сьвятыняў. У гэты час там маліліся тысячы людзей. Палестынцы паспрабавалі закідаць паліцэйскіх камянямі. У адказ тыя ўжылі гумовыя кулі і сьлёзацечны газ.
Але частка экспэртаў перакананая, што рэальная прычына новай хвалі закалотаў — спроба ХАМАСу захапіць уладу на Заходнім беразе, дзе кіруе ФАТХ. У траўні ў Палестынскай аўтаноміі, упершыню за 15 год, меліся адбыцца парлямэнцкія выбары, а ў ліпені — прэзыдэнцкія. Але напрыканцы красавіка лідэр аўтаноміі Махмуд Абас (які іх абвясьціў) заявіў, што выбары трэба адкласьці. Фармальна — з прычыны немагчымасьці правесьці галасаваньне ва Ўсходнім Ерусаліме. Але, паводле экспэртаў, рэальнай прычынай адмены выбараў стала тое, што Абас і ФАТХ прайгралі б іх ХАМАСу. Мяркуецца, што ХАМАС, які выступіў катэгарычна супраць любой зьмены даты выбараў, выкарыстоўвае канфлікт для таго, каб прыйсьці да ўлады на Заходнім беразе.
За апошнія тры дні баявікі ХАМАСу выпусьцілі з тэрыторыі сэктару Газа ў бок Ізраілю больш за 1600 ракет. Прыкладна 400 зь іх не даляцелі, з астатніх прыкладна 90 адсоткаў зьбіла ізраільская сыстэма супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал».
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у сераду, 12 траўня, у тэлефоннай размове з прэмʼер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу падкрэсьліў, што Ізраіль мае неадʼемнае права на абарону сябе і свайго народу. Байдэн асудзіў ракетныя абстрэлы Ерусаліму, Тэль-Авіву і іншых ізраільскіх гарадоў баевікамі ХАМАСу і іншых тэрарыстычных груповак.