Бацькі аднаклясьнікаў хлопчыка, якога закрануў канфлікт, даслалі відэазапіс у рэдакцыю Rebenok.by. На ім відаць, як настаўніца спачатку гучна крычыць на дзіця, спрабуе нешта дастаць зь яго кішэні, штурхае і хапае вучня за каўнер.
«Можа, хлопчык і няправільна зрабіў, але і настаўнік паводзіць сябе дзіўна: так крычаць на дзіця, біць, — зьдзіўляецца бацька аднаго з вучняў. — Дзеці і раней скардзіліся на адносіны з гэтым пэдагогам. Але словам ніхто асаблівага значэньня не надаваў, пакуль не зьявіўся ролік».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чачэрскі школьнік трапіў у шпіталь, як мяркуецца, пасьля ўдару настаўніцыБацькі таксама распавялі, што пасьля канфлікту пэдагог працягвае весьці заняткі. Дырэктарка ад разгорнутага камэнтара адмовілася, патлумачыўшы, што яна сустракалася з бацькамі хлопчыка і цяпер ідзе праверка.
«Да мяне прыходзіла маці гэтага вучня. У яе няма пытаньняў да настаўніцы. Але яна абураная, што хтосьці без дазволу зьняў яе сына і апублікаваў гэта», — сказала дырэктарка.
Пра канкрэтныя меры, якія прадпрымуць у дачыненьні да настаўніцы, яна гаварыць не стала. Падобных канфліктаў з пэдагогам дагэтуль не ўзьнікала.
«Што тычыцца паводзін настаўніцы, то я абараняць нікога не буду. Цяпер ідзе праверка на самым вышэйшым узроўні».
Раней суд Баранавіцкага раёну прысудзіў 2,5 года «хатняй хіміі» выкладчыку фізкультуры, які ўдарыў школьніка.