Дзень у гісторыі
1981 — адбыўся замах на папу Рымскага Яна Паўла II, які ўчыніў турэцкі тэрарыст Мэхмэт Алі Агджа. Папа акрыяў, але ад таго часу ўва ўсіх сваіх паездках Ян Павал і яго наступнікі сталі карыстацца панцырным «папамабілем» адмысловай канструкцыі.
2005 — ва ўзбэцкім Андыжане пры збройнай маніфэстацыі былі забітыя ад некалькіх сотняў да тысячы мітынгоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пагражае расстрэламі?У гэты дзень нарадзіліся
1840 — Тытус Далеўскі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «І першым паказаўся Каліноўскі». У Літве прэзэнтавалі хроніку адкрыцьця магілаў паўстанцаў1875 — Станіслаў Жукоўскі, польскі і расейскі мастак беларускага паходжаньня.
1894 — Іван Ермачэнка, беларускі палітычны дзеяч, публіцыст.
1895 — Уладзіслаў Паўлюкоўскі, беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак.
1905 — Стэфанія Станюта, акторка.
Упэўнены, што ў многіх тысяч суайчыньнікаў пры згадцы пра Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы, дый наагул пра беларускі тэатар, адным зь першых выплывае з памяці велічнае імя — Стэфанія.
Драматург Францішак Аляхновіч, убачыўшы пятнаццацігадовую Стэфу, адразу ацаніў яе выбітны талент і прапанаваў выканаць галоўную ролю ў сваёй п’есе «Цені».
Яна ўпершыню выйшла на сцэну ў 1919-м у Першым таварыстве беларускай драмы і камэдыі. З 1931-га і да апошніх дзён — амаль сем дзесяцігодзьдзяў — жыцьцё Стэфаніі было зьвязанае з купалаўскай трупай.
Тэатразнаўцы розных краінаў захоплена пісалі пра яе шматстайную творчасьць, дзе высокі драматызм спалучаўся зь непаўторнай камэдыйнасьцю, іронія — з гратэскам, яскравая эмацыйнасьць — зь пераканаўчай заглыбленасьцю ў псыхалёгію.
Для нас, шараговых тэатралаў, Станюта была проста наскрозь нашай, беларускай, іканапіснай. Хтосьці бачыў у ёй сваю маці, хтосьці — бабулю.
Добра знаёмы з Стэфаніяй Станютай тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі лічыць, што найлепшыя вобразы яна стварыла ў спэктаклях «Гаральд і Мод» паводле К. Хігінза і Ж. К. Кар’ера, «Гульня з кошкай» І. Эркеня, «Мудрамер» М. Матукоўскага, у кінафільме «Разьвітаньне» паводле аповесьці В. Распуціна «Разьвітаньне з Мацёрай».
Пагаджаючыся, дадаў бы, што Станюта была адным з вобразаў самой Беларусі.
Некалі я глядзеў пастаноўку на Малой купалаўскай сцэне. Раптам патухла электрычнасьць, і ў цемры заклапочаны голас шырокавядомай народнай артысткі прамовіў: «Извините, товарищи, технические неполадки. Надо немножко подождать».
Гэта быў ня голас Станюты: яна ніколі б не разбурыла тэатральнай умоўнасьці і не дазволіла б сабе гэтак паставіцца да нацыянальных пачуцьцяў гледачоў, частка якіх пакінула той спэктакль зусім не з прычыны адсутнасьці сьвятла.
Адрозна ад некаторых калегаў, яна ніколі не прысягала з трыбуны ў вернасьці партыі, не ўхваляла ленінскай нацыянальнай палітыкі. Затое ставіла подпіс пад лістамі пратэсту супроць будаўніцтва Віцебскай АЭС і разгону Дзядоў 1988 году, вітала стварэньне Беларускага Народнага Фронту.
У дзевяноста гадоў яна яшчэ выходзіла на сцэну ў «Памінальнай малітве» Рыгора Горына, «Страсьцях па Аўдзею» Ўладзімера Бутрамеева і зьзяла ў спэктаклі «Гаральд і Мод». «Мне хапіла розуму легкадумна пражыць жыцьцё», — казала яна, маючы на ўвазе сваю магчымасьць уцёкаў ад рэальнасьці ў сьвет мастацтва.
Калі Станюты ня стала, было пачуцьцё асірацеласьці, і, прыходзячы ў Купалаўскі тэатар на яе спэктаклі, я яшчэ доўга лавіў сябе на спадзяваньні, што вось зараз здарыцца дзіва...
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с. 472–473
1933 — Аляксандар Кішчанка, беларускі мастак.
1941 — Анатоль Сербантовіч, паэт
Няма ні тут, ні там, за дымкай,
Няма ў дзьвярах, няма ў акне,
Няма мяне ў тваіх абдымках,
Няма мяне, няма мяне...
І толькі там, пазьней, з палёгкай
У сьне, што прыйдзе незнарок,
Убачыш, як душа далёка
Да зор ляціць, як матылёк...
Пачуўшы гэтыя радкі, чытачы філёзафа й літаратуразнаўцы Валянціна Акудовіча непазьбежна згадаюць ягонае славутае эсэ «Мяне няма» і, відаць, падумаюць: ці ня вырашыў шаноўны аўтар сьцьвердзіць сваё credo яшчэ і з дапамогаю рыфмаў.
Аднак насамрэч верш належыць іншаму творцу й іншаму часу.
Я цытую яго так, як пачуў у студэнцкія гады ад сябра, які, здаецца, ведаючы цэлую кніжку гэтага паэта на памяць, працягваў тады захоплена дэклямаваць:
Расту і пачынаю я сталець,
І, забываючы мадэрныя напевы,
Я ў музыку ўваходжу, нібы ў лес,
І гукі расступаюцца, як дрэвы...
Вершы сапраўды былі вартыя: пранізьлівыя, чыстыя, азонавыя. «Хто гэта?» — пацікавіўся я. «Анатоль Сербантовіч, — адказаў сябар. — Наш Яўтух. У сэнсе — Еўтушэнка». Мы ня ведалі, што якраз у той год, калі нам выдалі студэнцкія залікоўкі, жыцьцё «нашага Еўтуха» трагічна завяршылася.
Ён быў упарты і вальналюбны. Ён жыў у прадчуваньні цуду. Ён меў выключнае пачуцьцё мовы і талент, прызнаны ды падтрыманы мэтрамі.
Школьнікам, перамагаючы ў велагонцы, ён трапіў у завал, параніўся, але, закінуўшы ровар на плечы, усё ж першы дабег да фінішу.
За яшчэ падлеткавыя вершыкі ён атрымаў мянушку Броўка, а праз колькі гадоў публічна спаліў кнігу старэйшага «цёзкі», за якую Пятрусь Усьцінавіч быў адзначаны Дзяржпрэміяй.
У дваццаць сем Анатоль выдаў ужо другую кнігу — не па гадах сьпелую й бязьлітасную да сябе. Яна называлася трывожна — «Міннае поле». У кнізе былі й такія — ня лепшыя, але шчырыя — радкі: «Сяджу і думаю цьвяроза: / Як быць далей і як мне жыць. / Вось я прап’ю апошні розум, / А што тады яшчэ прапіць?»
Аднаго вечару ён, атрымаўшы неблагі ганарар і «замачыўшы» гэтую падзею, ішоў па менскай вуліцы. На просьбу сустрэчнай кампаніі даць закурыць выцягнуў з кішэні пачак грошай: «Вось вам на цыгарэты!»
Яго завалілі на ходнік і доўга білі нагамі. Білі ня столькі за «багацьце», як за беларускую мову. Потым шпіталь, жорсткія прыступы галаўнога болю, інсульт і адыход туды, дзе паэту, магчыма, удалося зьдзейсьніць выказаную ў адным зь вершаў мару і разгадаць «Тайну музыкі, / Тайну крыкаў, / Тайну гукаў і нематы...».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020. С. 292–293
1986 — Аляксандар Рыбак, нарвэскі музыка беларускага паходжаньня, пераможца конкурсу «Эўравізія-2009».
У памяці
1916 — памёр Шолам Алейхем, габрэйскі пісьменьнік, драматург і асьветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш, у тым ліку дзіцячай. Сапраўднае імя — Шолам Рабіновіч.
1930 — памёр Фрыт’ёф Нансэн, нарвэскі палярны дасьледнік, які першы перасек Грэнляндыю на іртах, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1922 году.