Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І першым паказаўся Каліноўскі». У Літве прэзэнтавалі хроніку адкрыцьця магілаў паўстанцаў


Эксгумацыя магілы паўстанцаў на гары Гедзіміна ў Вільні
Эксгумацыя магілы паўстанцаў на гары Гедзіміна ў Вільні

У Нацыянальным музэі Літвы прэзэнтавалі гісторыка-археалягічнае дасьледаваньне «Шлях паўстанцаў 1863–1864 гадоў на сьмерць і ўваскрашэньне» («1863–1864 metų sukilėlių kelias į mirtį ir atgimimą»). Падобнае выданьне лягічна напрошваецца і ў Беларусі: 18 з 21 пакараных сьмерцю на віленскай Лукіскай плошчы — ураджэнцы беларускіх земляў.

Назваць судзьдзяў і карнікаў

Вокладка кнігі пра паўстанцаў
Вокладка кнігі пра паўстанцаў

Над 220-старонкавым томам працавалі літоўскія адмыслоўцы пад кіраўніцтвам навуковага рэдактара Тамары Байрашаўскайце. У выданьні падсумоўваецца праца археолягаў, якія цягам 2017–2019 гадоў вялі раскопкі на Гедзімінавай гары. Там пасьля апоўзьня знайшлі парэшткі паўстанцаў, у тым ліку кіраўнікоў паўстаньня — Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага. Урачыста перапахаваюць іх 22 лістапада ў капліцы на віленскіх могілках Росы.

«Дасьледаваньне парэшткаў паўстанцаў і наступныя аднаўленчыя працы адпавядаюць узроўню кампутарнага ХХІ стагодзьдзя, — дзеліцца ўражаньнямі Язэп Янушкевіч, аўтар жыцьцяпісу Кастуся Каліноўскага. — Узорная практычна-дасьледчая дзейнасьць за тры гады падмацаваная дзясяткам тысяч фатаграфій, мізэрную частку якіх я змог пабачыць на маніторы кіраўніка прадпрыемства Rekreacinė statyba Альгімантаса Шукшты. А гэта азначае, што на прэзэнтаваным гісторыка-археалягічным томе ў нашых літоўскіх калегаў выданьні ня спыняцца».

Кніга складаецца зь дзьвюх частак. Першая мае назву «Дарога да сьмерці» і зьмяшчае біяграфіі паўстанцаў, якія загінулі на Лукіскай плошчы, а таксама апісвае гісторыю іх арыштаў, допытаў і судовых працэсаў. На падставе зьвестак гістарычных архіваў выяўляецца закулісьсе рэпрэсійнай машыны Расейскай імпэрыі. Аўтарам было важна назваць судзьдзяў і карнікаў.

Другая частка называецца «Дарога да адраджэньня» і апісвае месцы пахаваньня забітых паўстанцаў, абставіны іх адкрыцьця і ідэнтыфікацыі. Дасьледчыкі вывучалі фатаграфіі загінулых, шукалі іхніх жывых і мёртвых крэўных у Літве, Польшчы, Беларусі.

Складальнікі кнігі — гісторыкі, археолягі, адмыслоўцы ў галінах антрапалёгіі і судова-мэдычнай экспэртызы:

  • Тамара Байрашаўскайце,
  • Вольга Масьцяніца-Станкевіч,
  • Дайва Мілінкявічуце,
  • Біруце Рута Віткаўскене,
  • Гіціс Грыжас,
  • Арунас Калеюс,
  • Валдас Сьцяпанайціс,
  • Віцяніс Падзенас,
  • Жыдруне Міляўскене,
  • Рымантас Янкаўскас,
  • Юсьціна Казакайце,
  • Гедрус Кіселюс,
  • Юраце Янкаўскене.

У абыход беларускіх дасьледчыкаў

На працягу трох гадоў Літоўскі нацыянальны музэй, археолягі якога знайшлі парэшткі двух дзясяткаў паўстанцаў, стаў цэнтрам міждысцыплінарных дасьледаваньняў, які аб’яднаў адмыслоўцаў у розных сфэрах. Цяпер іх высілкі набываюць фізычную форму.

Як адзначае Язэп Янушкевіч, відавочна кульгае ў выданьні гісторыка-аглядная частка, бо дзеля таго, каб раскрыць стан «калінаўскіяны» ў поўнай меры, трэба браць пад увагу літаратуру ня толькі на літоўскай, расейскай ды польскай мовах, а і на беларускай. Па-беларуску выходзілі выдатныя працы, у прыватнасьці, пра Кастуся Каліноўскага. Аднак ва ўсім томе ніводнага разу ня згадваецца прозьвішча нябожчыка Генадзя Кісялёва, славутага дасьледчыка паўстанцкага руху. Зрэшты, нашмат горш тое, што аналягічная тэндэнцыя мае месца і ў самой Беларусі.

«На жаль, гэтая ганебная практыка — нешанаваньне годных папярэднікаў — назіралася апошнім часам паўсюль у публічных выступах, пісаных тэкстах, тэлеперадачах і інтэрнэтных публікацыях, калі я сачыў за перадачамі пра адкрыцьцё парэшткаў Каліноўскага. Нагадаю, што Генадзь Кісялёў — найлепшы ў Эўропе знаўца таго пэрыяду, які пачаў свае дасьледаваньні пра веліч і трагедыю 1863–1865 гадоў яшчэ напрыканцы 1950-х. Вынікам стаў капітальны том пра Кастуся Каліноўскага», — кажа Язэп Янушкевіч.

Зрэшты, пакуль напярэдадні гістарычнай падзеі 22 лістапада ў нацыянальным жыцьці народаў, якія зьядналіся ў антыкаляніяльным паўстаньні «супраць маскалёў», пануе ўзьнёслы настрой, можна ўстрымацца ад паасобных крытычных заўваг, лічыць Язэп Янушкевіч. Бо комплекс навуковых і аднаўленчых працаў, праведзеных літоўскімі навукоўцамі, сапраўды беспрэцэдэнтны.

Язэп Янушкевіч каля месца, дзе будзе мэмарыяльны знак
Язэп Янушкевіч каля месца, дзе будзе мэмарыяльны знак

Акурат напярэдадні ўрачыстай цырымоніі перапахаваньня герояў калектыўныя намаганьні дасьледчыкаў будуць падсумаваныя выставай «Абуджэньне: гісторыя паўстанцаў, знойдзеных на гары Гедзіміна». Экспазыцыю ў Літоўскім нацыянальным музэі можна будзе пабачыць да 31 траўня наступнага году.

Вокладка кнігі Язэпа Янушкевіча
Вокладка кнігі Язэпа Янушкевіча

Язэп Янушкевіч таксама ўдзячны кіраўніцтву музэю, якое дазволіла падняцца да будучага мэмарыяльнага знаку ў гонар памяці Кастуся Каліноўскага пад вежай Гедзіміна. На здымку, які зрабіў інжынэр Альгімантас Шукшта, «з дакладнасьцю да сантымэтра» пазначана месца, дзе адмыслоўцы знайшлі цела лідэра паўстанцаў.

Дарэчы, найноўшая кніга Язэпа Янушкевіча так і называецца — «І першым паказаўся Каліноўскі».

Завадатары масавых выступаў

Паўстаньне, якое выбухнула ў 1863 годзе на беларускіх, польскіх, літоўскіх землях, мела на мэце скінуць расейскае панаваньне і аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 году. У 1864-м улады Расейскай імпэрыі здушылі выступы і распачалі маштабныя рэпрэсіі супраць усіх, хто ў іх удзельнічаў і нават проста ім сымпатызаваў. Паводле афіцыйных зьвестак, амаль дзьве сотні паўстанцаў былі пакараныя сьмерцю, прыкладна 850 асуджаныя на катаргу, больш за 12 тысяч сасланыя і выселеныя з краю.

Героі супраціву ў кнізе Язэпа Янушкевіча "Партрэты паўстаньня"
Героі супраціву ў кнізе Язэпа Янушкевіча "Партрэты паўстаньня"

Месца пахаваньня многіх лідэраў да апошняга часу заставалася невядомым. У выпадку з Кастусём Каліноўскім, Зыгмунтам Серакоўскім ды іх аднадумцамі нечакана дапамог прыродны фактар — апоўзень на Замкавай гары.

Згодна з балістычнымі і антрапалягічнымі дасьледаваньнямі, адны пакараныя сьмерцю загінулі на шыбеніцы, іншых расстралялі. Першыя прысуды былі выкананыя ў траўні 1863-га, апошняй ахвярай стаў Каліноўскі, якога публічна павесілі 22 сакавіка 1864 году на Лукіскім пляцы — галоўным месцы экзэкуцыі.

Целы забітых не вярнулі сваякам для пахаваньня, а паскідалі ў безыменныя ямы на тэрыторыі фартэцыі, узьведзенай на загад расейскай адміністрацыі ў 1831 годзе. Калі археолягі ўскрылі магілы, то ўбачылі, што ахвяры ляжалі са зьвязанымі ззаду рукамі і пераламанымі касьцямі, а іх целы былі пасыпаныя слоем вапны.

Толькі праз паўтара стагодзьдзя пасьля гвалтоўнай сьмерці стала магчымым годна ўшанаваць паўстанцаў. Дарэчы, 18 з 21 пахаванага былі родам зь цяперашняй Беларусі.

Дык за што на загад віленскага генэрал-губэрнатара Міхаіла Мураўёва пакаралі паўстанцаў?

Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага прызналі «завадатарамі масавых выступаў» і за гэта асудзілі на сьмерць. Астатнія былі пакараныя за розныя акты супраціву.

Баляслаў Калышка — «за кіраўніцтва групай паўстанцаў».

Сьвятары Станіслаў Ішора і Раймунд Зямацкі — «за чытаньне маніфэсту паўстаньня ў касьцёлах».

Дваране Юльян Лясьнеўскі і Альбэрт Лясковіч — «за падбухторваньне сялян да паўстаньня».

Юзаф Яблонскі, Аляксандар і Юзаф Раўкоўскія, Караль Сіповіч — «за арганізацыю замаху на маршалка дваранства Віленскай губэрні Аляксандра Дамейкі».

Ян Бянькоўскі, Ян Марчэўскі і Эдвард Чаплінскі прызнаныя «кінжальшчыкамі», якіх кіраўніцтва паўстаньня паслала забіць маршалка віленскага дваранства Дамейку.

Усе гэтыя асобы былі асуджаныя да сьмерці праз павешаньне на Лукіскім пляцы.

З кіраўнікоў арганізацый паўстаньня на расстрэл былі асуджаныя Мечыслаў Дарманоўскі, Ігнат Здановіч, Тытус Далеўскі, а таксама былыя афіцэры і салдаты расейскай арміі, якія былі ўзятыя ў палон рознымі групамі паўстанцаў і пасьля далучыліся да паўстаньня — Генрык Макавецкі, Уладзіслаў Нікаляі, Казімер Сычук, Якуб Чэхан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG