Справу «Цэнтру гарадзкога жыцьця» разглядаў эканамічны суд Горадзенскай вобласьці 12 траўня. Справу разглядала судзьдзя Юлія Баклажэц, якая пастанавіла закрыць культурную ўстанову.
На судзе прысутнічалі пазоўнік па справе — начальнік аддзелу культуры Горадзенскага гарвыканкаму Дзяніс Чарняк і намесьнік пракурора Горадні Аляксандар Южык. Прысутнічаў таксама пазваны — дырэктар «Цэнтру гарадзкога жыцьця» Павал Мажэйка.
Прэтэнзіі пракуратуры зьвязаныя з выставай Алеся Пушкіна, якая ладзілася ў «Цэнтры», і дэманстрацыяй партрэта антысаветчыка Яўгена Жыхара, нібыта ён мае дачыненьне да экстрэмізму.
Пазыцыя пракурора
Пракуратура Горадні 26 сакавіка завяла крымінальную справу ў дачыненьні да Паўла Мажэйкі і мастака Алеся Пушкіна за «рэабілітацыю і апраўданьне нацызму» (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Таму пракуратура заявіла пазоў, каб закрыць «Цэнтар», бо ён нібыта «ажыцьцяўляе забароненую дзейнасьць».
Мажэйку затрымлівалі па гэтай справе на 72 гадзіны. Пушкін пад вартай па ёй ужо паўтара месяца.
Справу разглядала судзьдзя Аліна Баклажэц. Пракурор Южык на судзе заявіў хадайніцтва, каб далучыць да справы экспэртнае заключэньне па партрэце Жыхара, якое рабілі выкладчыкі Горадзенскага ўнівэрсытэту Вадзім Хілюта (катэдра крымінальнага права) і Сьняжана Семярнік (катэдра філязофіі).
Мажэйка запрасіў час, каб падрыхтаваць аргумэнтаваны водгук на заключэньне. Ён адзначыў, што экспэртнае заключэньне па гістарычным пытаньні рыхтавалі не гісторыкі.
«Я прашу пра мінімальную павагу да сябе. Вырашаецца лёс маёй арганізацыі. Паўтара месяца прайшло, а пракурор пад суд прынёс гэтае заключэньне. Я хацеў бы мець час, каб зь ім азнаёміцца і падрыхтаваць водгук», — заявіў Мажэйка ў судзе.
Суд, аднак, ня стаў рабіць перапынак.
Пазыцыя кіраўніка цэнтру
Пазыцыя Мажэйкі: ён не парушаў заканадаўства, таму няма падставаў закрываць «Цэнтар». Ён выказаў шэраг аргумэнтаў.
- Па-першае, пракуратура не прывяла доказаў, што на карціне менавіта Жыхар.
- Па-другое, пракуратура вядзе гаворку пра «апраўданьне нацызму», аднак нацызм тычыцца пэрыяду з 1933 да 1945 году, а падзеі, зьвязаныя з Жыхарам, пачынаюцца з 1946 году, то бок ня маюць дачыненьня да нацызму.
- Па-трэцяе, выява Яўгена Жыхара ня ўнесеная ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Беларусі. Да таго ж арганізацыі, зь якімі супрацоўнічаў Жыхар, ніводным судом не прызнаныя нацысцкімі.
Пракурор Южык у адказ зноў спаслаўся на экспэртнае заключэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сядзеў у «справе журналістаў», стварыў вольную пляцоўку. Хто такі Павал Мажэйка, якога затрымалі за карцінуУ падтрымку «Цэнтру» пад адкрытым зваротам падпісаліся больш за тысячу чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зварот у падтрымку горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» падпісала амаль тысяча чалавекГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мастака Пушкіна і арганізатара яго выставы ў Горадні завялі крымінальную справу за «апраўданьне нацызму»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны думаюць над Пушкіным зрабіць паказальны суд». Мастак Алесь Пушкін амаль месяц у ізалятары
Што рабіў «Цэнтар»?
Культурная пляцоўка «Цэнтар гарадзкога жыцьця» паўстала ў Горадні ў верасьні 2016 году. Там праводзілі прэзэнтацыі кніг, дыскусіі, выставы. Амаль за 5 гадоў прайшлі сотні імпрэзаў. Сярод іх канцэрт Лявона Вольскага, кніжны фэстываль «Прадмова», гістарычныя канфэрэнцыі «Grodnae et orbi».
У 2019 годзе выстава фатаграфій самага прэстыжнага конкурсу фатографаў World Press Photo адкрылася толькі ў «Цэнтры гарадзкога жыцьця». Апошнія 3 гады ў «Цэнтры» праходзілі бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова».
У 2020 годзе «Цэнтар» стаў месцам, дзе горадзенскія валянтэры ByCovid рабілі ахоўныя сродкі для мэдыкаў падчас эпідэміі каранавірусу. Калі з горадзенскага драматычнага тэатру звольнілі 14 актораў за страйк, яны знайшлі пляцоўку для выступаў у «Цэнтры». Самым маштабным стаў спэктакль на фоне аўтазака ва ўнутраным дворыку «Цэнтру», які сабраў каля 400 гледачоў.
Сёлета ў сакавіку ў «Цэнтры» забаранілі паказ спэктакля, які асуджае фашызм. Пракуратура ўгледзела ў ім аналёгію зь цяперашняй сытуацыяй у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым вядомая прыхільніца Лукашэнкі Вольга Бондарава, пасьля «даносаў» якой распачынаюць крымінальныя справыГэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.