Судзьдзя Ленінскага раёна Берасьця Андрэй Грушко пакараў:
- 20-гадовага Даніла Бандарука — 5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму (паводле ч. 2 арт. 293 і дадаткова паводле ч. 1 арт. 339 «хуліганства» — па вэрсіі пракуратуры, 9 жніўня ён ударыў рукой па грузавым аўтамабілі МАЗ і разьбіў бакавое люстэрка);
- 21-гадовага Марка Салонікава — 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- 26-гадовага Дзяніса Марусевіча, 22-гадовага Ўладзімера Рубашэўскага, 27-гадовага Віктара Панцялеева, 32-гадовага Вячаслава Касьцючыка, 20-гадовага Максіма Зіневіча, 24-гадовага Міхаіла Калішука — 4 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- 22-гадовага Андрэя Грышчука і 23-гадовага Сымона Канцэвіча — 3,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- 18-гадовую Віталію Бандарэнку — 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму;
У студзені 2021 года, яшчэ да пачатку суда, Віталія зьехала за мяжу. Але калі даведалася, што яе каханага Дзяніса Хазея могуць надоўга пасадзіць, вырашыла таемна вярнуцца, каб правесьці яго. У выніку Віталію затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА, а сёньня асудзілі.
- Непаўналетніх Аляксандра Вінярскага і Эдуарда Кудынюка — 3 гадамі выхаваўчай калёніі (іх узялі пад варту ў залі суду).
Судзьдзя таксама пастанавіў спагнаць з 13 фігурантаў у роўных долях кампэнсацыю:
- 13621,5 рубля — на карысьць УУС Брэстаблвыканкаму;
- 5307,5 рубля — КУП «Камунальнік»;
- 2781,16 рубля — КУП Берасьцейскай ДЭП;
- 689,79 рубля — КУП «Брэсцкі грамадзкі транспарт»;
- 457,98 рубля — Дэпартамэнту аховы МУС;
- пацярпеламу Лычко пакрыць маральную шкоду.
У ходзе судовых паседжаньнях трое падсудных прызналі віну цалкам, сямёра — часткова. Данііл Бандарук, Віталія Бандарэнка і Марк Салонікаў зусім не пагадзіліся з прад’яўленым абвінавачваньнем.
Сярод падсудных адна дзяўчына
Першапачаткова ў судзе плянаваўся разгляд спраў 12 чалавек. Аднак пазьней у групу абвінавачаных уключылі адзіную дзяўчыну — 19-гадовую Віталію Бандарэнку.
Віталію мусілі судзіць у сярэдзіне лютага разам зь іншымі 9 фігурантамі справы аб масавых беспарадках (усім ім 10 сакавіка прысудзілі ад 3 да 4,5 года калёніі). Аднак дзяўчына на суд не зьявілася.
Нягледзячы на тое, што яна знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе, Віталія пакінула краіну. У сувязі з гэтым яе абвясьцілі ў вышук. 27 лютага абвінавачаная вярнулася ў Беларусь. Ужо 1 сакавіка яе затрымалі, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а потым перавялі ў СІЗА-7, дзе да суду знаходзілася большасьць абвінавачаных у гэтай справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці на разгляд «карагоднай справы» пасьля пратэсту падсудных пусьцілі журналістаў недзяржаўных СМІШто кажа абвінавачаньне
Дзяржаўны абвінаваўца сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — груба парушылі грамадзкі парадак і нібыта ўчынілі пагромы. Яны таксама нібыта чынілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Выкарыстоўвалі пры гэтым дошкі, палкі, сьметніцы, фрагмэнты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, мэталічныя ніты, ёмістасьці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Потым абвінавачаныя наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі i іншую маёмасьць, якая належала міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.
У выніку беспарадкаў, па вэрсіі сьледзтва, пацярпелі 24 сілавікі. Зь іх пацярпелымі ў справе прызналі 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзьве раны ў раёне вялікага пальца правай рукі, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджаньняў. У астатніх — пабоі.
Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджаньні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе пракурор. Па вэрсіі сьледзтва, агульная сума нанесенай шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шаломы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, сьметніцы, дрэвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль сто асуджаных, больш за 200 гадоў зьняволеньня. Правабаронцы падвялі вынікі судоў над пратэстоўцамі ў красавіку