Пра гэта ў Twitter напісаў сам журналіст. Па яго словах, прозьвішча бацькі фігуруе сярод 86 сілавікоў і вайскоўцаў, пакараных адмысловым прэзыдэнцкім указам. Падпалкоўнік запасу Дзьмітры Пратасевіч пазбаўлены вайсковых і спэцыяльных званьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя імёны сілавікоў, якіх разжалаваў Лукашэнка«Бацька аддаў вайсковай службе 29 гадоў і звольніўся яшчэ ўвосень 2019-га, пасьля чаго працаваў у інкасацыі. Ён ня браў актыўнага ўдзелу ў пратэстах, ні разу не затрымліваўся, ні да чога не прыцягваўся», — пракамэнтаваў Раман Пратасевіч.
Ён дадаў, што вывез бацькоў у Польшчу ўвосень мінулага году, калі за яго сям’ёй пачалі сачыць. Летась у лістападзе беларускія ўлады абвінавацілі Рамана Пратасевіча ў арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазбаўленьне званьня правяло мяжу паміж мной і Карпянковым», — Мікалай КазлоўСярод пазбаўленых вайсковых прывілеяў таксама былы сьледчы і заснавальнік праекту ByChange Яўген Юшкевіч, былы сьледчы і каардынатар праекту BYPOL Андрэй Астаповіч, былы супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня «Алмаз» Ігар Макар, былы супрацоўнік вайсковай контравыведкі КДБ Валер Костка, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, а цяпер старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў ды іншыя.