Беларускі ПЭН-цэнтар выявіў 291 выпадак рэпрэсій у культурнай сфэры за першы квартал 2021 году

Адзін зь беларускіх палітвязьняў мастак Алесь Пушкін на акцыі пратэсту. Менск, 2020 год.

Затрыманьні і допыты культурных дзеячаў, закрыцьцё крамаў з сымболікай, ператрусы арт-прастораў,— Беларускі ПЭН-цэнтар падрыхтаваў маніторынг парушэньняў культурных правоў.

Згодна зь першай у 2021 годзе справаздачай ПЭН-цэнтру ў Беларусі на сёньня 33 палітзьняволеныя зь ліку дзеячаў культуры.

Як рэпрэсіі закранулі культурную сфэру:

  • За 1 квартал 2021 году зафіксаваны 291 выпадак парушэньня культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненьні да дзеячоў культуры — гэта 50% ад агульнага аб’ёму зафіксаваных выпадкаў за ўвесь 2020 год (593). Ідэнтычная колькасьць выпадкаў была ў 4-м квартале 2020 году (292), калі машына рэпрэсій (гэта асноўны зьмест маніторынгу) раскруцілася ўжо ў поўную сілу.
  • На 31 сакавіка з агульнага ліку палітычных вязьняў у краіне — 325 чалавек — 33 адносіліся да дзеячаў культуры. Яшчэ 4 былі засуджаныя на абмежаваньне свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суд будзе месяцаў празь пяць». Мастак Пушкін просіць не перадаваць перадачы, каб не адбіраць грошы ў дзяцей

Адрасаты рэпрэсій:

  • Адбываліся затрыманьні і допыты выдаўцоў: Генадзя Вінярскага, Алеся Яўдахі, Андрэя Янушкевіча.
  • Блякаваньне рахункаў выдавецтваў «Янушкевіч» і «Кнігазбор».
  • Не прапусьцілі празь мяжу кнігі Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя» і «Беларуская нацыянальная ідэя» аўтарства Зьмітра Лукашука і Максіма Гарунова.
  • Зафіксаваная дыскрэдытацыя шэрагу кніг з дапамогай сюжэтаў на дзяржаўнай тэлебвізіі.
  • Аднабаковае скасаваньне дамоваў на рэалізацыю «Белсаюздрукам» незалежных выданьняў: газэты «Новы час», часопіс «Наша гісторыя».
  • Прызнаньне экстрэмісцкай кнігі Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас» і суд над журналістам Раманам Васюковічам, які правёз двп экзэмпляры кнігі ў Беларусь да прызнаньня яе экстрэмісцкай.
  • Судовы працэс за захаваньне кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя», купленыя раней у дзяржаўнай кніжнай краме і канфіскаванай да таго, як у ёй былі знойдзеныя «прыкметы праяў экстрэмізму».
  • Затрыманьне пэнсіянэраў за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі» — чытаньне ў цягніку кніг беларускіх пісьменьнікаў: Ніла Гілевіча, Якуба Коласа, Уладзімера Караткевіча і іншых клясыкаў.
  • У пачатку студзеня ў аднабаковым парадку ўладальнік памяшканьня скасаваў дамову арэнды з культурніцкім хабам «Ок16», у выніку чаго адмянілі ўсе мерапрыемствы.
  • Ператрусы у цэнтрах «Другі паверх» і «Крылы халопа».
  • Прымусовае закрыцьцё горадзенскага бару і арт-прасторы «Трэцяе месца», гомельскага Red Pub, перашкоды ў дзейнасьці менскаму музычнага клюбу «Графіці».
  • Адменены фэстываль сучаснага мастацтва Moving Art Festival, цалкам закрылася арт-прастора MAF.
  • Перашкоды для дзейнасьці крамаў, якія гандлююць нацыянальнай сымболікай і адзеньнем: «Князь Вітаўт», Symbal.by, «Росквіт», «Мой модны кут», Vokladki, БЧБ.бел, «Адметнасьць», «Цудоўня», «Хамелеон», LSTR Adzieńnie, майстэрні Moj rodny kut. Частку зь іх прымусілі спыніць сваю дзейнасьць цалкам або часткова.
  • ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм унёс кнігу «Белорусский Донбасс» у сьпіс экстрэмісцкіх. Але за яе набыцьцё ўжо каралі


    Пытаньні спрэчнай памяці: крымінальныя справы пра «рэабілітацыю нацызму»

  • «Польская справа», якая масава разгарнулася ў сакавіку. У выніку затрымалі кіраўніцтва не прызнанага ў Беларусі Саюза палякаў, дырэктараў грамадзкіх школ, адбыліся ператрусы ва ўстановах у Горадні, Берасьці, Баранавічах, Лідзе, Ваўкавыску.
  • Крымінальныя справы на Алеся Пушкіна (мастака) і Паўла Мажэйку (кіраўніка цэнтру) за дэманстрацыю партрэта ўдзельніка антыбальшавіцкага пасьляваеннага падпольля Яўгена Жыхара на выставе ў «Цэнтры гарадзкога жыцьця» у Горадні.
  • Адмена паказу спэктакля і пагрозы завядзеньня крымінальнай справы ў адрас актораў тэатральнай пастаноўкі «Кадыш».

Апрача таго, ПЭН-цэнтар фіксуе звальненьні нязгодных, раней заўважаных у актыўнай грамадзянскай пазыцыі супрацоўнікаў тэатраў, адмовы музыкам і артыстам у правядзеньні канцэртаў і выдачы гастрольных пасьведчаньняў, адвольныя затрыманьні, выклікі на допыты, спробы пранікненьня ў кватэры, арышты за карыстаньне гістарычнай сымболікай і іншыя выпадкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джулі Фішэр: Тое, што рэжым Лукашэнкі зрабіў з народам Беларусі за апошні год, немажліва і несумленна

Адвольнае затрыманьне слухачоў курсаў беларускай мовы ў Ваўкавыску; канвойнае суправаджэньне экскурсій ці затрыманьне экскурсантаў у Полацку, Наваградку, Менску; арышт гледачоў канцэрту ў Смалявічах.

ПЭН-цэнтар вылучае таксама тэндэнцыю мэтанакіраванай дыскрэдытацыі дзеячаў культуры ў дзяржаўных СМІ. Асобна прааналізавана 123 артыкулы ў найбуйнейшым дзяржаўным выданьні краіны і зафіксавана 237 дыфамацыйных/зьняважлівых выказваньняў у адрас 89 дзеячаў культуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вячаслаў Ракіцкі: «Сёньня хіба што найгоршы час для тэатраў»