У перамовах, якія правёў Энтані Блінкен з прадстаўнікамі ўсіх галін улады (парлямэнту, ураду і прэзыдэнтам) пераважалі тэмы бясьпекі ў рэгіёне, расейскай агрэсіі і рэформаў ва Ўкраіне. Публічна ні на адной сустрэчы не прагучала, ці згадвалася беларускае пытаньне ў кантэксьце бясьпекі ў рэгіёне і расейскай пагрозы.
«Мы бачым пакуль, што з тых дзясяткаў тысяч вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі, сьцягнутых да мяжы з Украінай, толькі 3,5 тысячы вайскоўцаў, якіх пачалі адводзіць з акупаванага паўвострава Крым. На іншых участках зьмяншэньня (сілаў) мы пакуль ня бачым», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
У сваю чаргу Энтані Блінкен дадаў, што гэта сьведчыць аб тым, што расейская пагроза ля межаў Украіны застаецца.
«Мы разам з партнэрамі працуем над тым, каб Украіна магла абараніць сябе ад расейскай агрэсіі. Хаця нейкія сілы Расея адвяла ад украінскай мяжы, частка зь іх яшчэ застаецца. Гэта азначае, што Расея мае магчымасьць за досыць кароткі час агрэсіўна дзейнічаць, калі яна гэта вырашыць зрабіць. Мы вельмі пільна назіраем за ўсімі дзеяньнямі, мы кантактуем, і я мушу сказаць, што высока цаню тое, як стрымана адрэагавала Ўкраіна на ўсе гэтыя правакацыйныя дзеяньні (Расеі)», — адзначыў ён.
Асобна Энтані Блінкен і Ўладзімер Зяленскі абмеркавалі актывізацыю супрацы ў пытаньнях бясьпекі ў Чорным і Азоўскім морах, а таксама узмацненьне перамоўнага складніку ва ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.
Уладзімір Зяленскі перадаў праз дзяржаўнага сакратара запрашэньне прэзыдэнта ЗША Джо Байдэну наведаць Украіну ў час сьвяткаваньня 30-годзьдзя незалежнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны заклікаў Захад прадэманстраваць гатоўнасьць увесьці новыя санкцыі супраць Расеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш не нэўтральная». Ва Ўкраіне перагледзелі ўмовы бясьпекі на мяжы зь Беларусьсю