Па словах праваабаронцы, міжнародных стандартаў паняцьця «экстрэмізм» не існуе. Дзяржавы не дамовіліся аб адзіным азначэньні, таму шмат якія зь іх трактуюць яго адвольна.
Ва Ўкраіне, напрыклад, увогуле няма такога тэрміну ў заканадаўстве. У Беларусі закон аб супрацьдзеяньні экстрэмізму зьявіўся ў 2007 годзе і спачатку выкарыстоўваўся вельмі рэдка. Але, сярод іншага, у справах, якія праваабаронцы лічаць палітычна матываванымі. Экстрэмісцкімі ў свой час прызнаваліся фільм-канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю» і каталёг Belarus Press Photo. У 2011 годзе закрылі радыёстанцыю «Аўтарадыё» за нібыта экстрэмісцкія выказваньні ў эфіры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Любая дзейнасьць можа падпасьці пад экстрэмісцкую». Юрыст тлумачыць, што можа пагражаць паводле новага і дзейнага заканадаўстваЦяпер усё моцна зьмянілася, і экстрэмісцкімі пачалі называць нават дваровыя чаты, а таксама іншы шырока распаўсюджаны ў сеціве кантэнт.
Праваабаронца Наста Лойка дае некалькі парадаў, якія дапамогуць ня стаць «экстрэмістам» у Беларусі.
1. Сачыць за рэспубліканскім сьпісам экстрэмісцкіх матэрыялаў
У першую чаргу для таго, каб не апублікаваць у сваіх сацсетках штосьці з гэтага сьпісу. Сьпіс ёсьць на старонцы Міністэрства інфармацыі, але прасьцей знайсьці яго праз пошукавік.
«Там даволі шмат сайтаў, чатаў, тэлеграм-каналаў, — кажа Наста. — Варта ведаць хаця б такі базавыя рэчы. Там партрэт Гітлера ёсьць, напрыклад. У сьпісе таксама спасылкі на канкрэтныя ролікі ёсьць, зьмест якіх таксама прызнаны экстрэмісцкім. Гэта ўсё варта ведаць і самому не спасылацца на такія рэчы».
Пры гэтым варта памятаць, што сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў пастаянна абнаўляецца. Таму трэба яго спраўджваць пэрыядычна. Сам Мінінфарм пра абнаўленьні не паведамляе. Наста Лойка раіць сачыць за зьменамі ў тэлеграм-каналах МУС і Сьледчага камітэту, якія рэгулярна абвяшчаюць пра зьяўленьне новых «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў альбо сайтаў.
2. Камэнтары пра дзейнасьць службовых асобаў
Такія дзеяньні могуць прызнаць экстрэмісцкімі пасьля ўступленьня ў сілу новай рэдакцыі закону. За яго ўжо двойчы прагаласавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, таму гэта можа здарыцца даволі хутка. Паводле статыстыкі незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер людзей найчасьцей перасьледуюць за абразу службовай асобы.
«За гэтым трэба пільна сачыць, — кажа Наста Лойка. — Любы камэнтар з ацэнкай службовай асобы, міліцыянтаў, кіраўніка дзяржавы, з ацэнкай дзейнасьці такой асобы цяпер вельмі шырока трактуецца. Можа быць успрыняты як абраза, як пагроза. За гэта заводзяць крымінальныя справы. Таму перад тым, як рэзка выказацца, варта падумаць, ці трэба гэта рабіць у прынцыпе. Нават за камэнтары ў дваровых чатах цяпер людзей вельмі часта прыцягваюць да адказнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Траіх асуджаных за абразу Лукашэнкі праваабаронцы прызналі палітвязьняміПа словах праваабаронцы, праблема яшчэ і ў тым, што розьніцу паміж выказваньнем уласнай думкі і абразай вызначае экспэртыза альбо суд.
«Зразумела, што фраза „пасадзіць на вілы“ дакладна будзе ўспрынятая як пагроза, — дадае Наста. — Ёсьць асобны артыкул за абразу, асобны — за гвалт альбо заклікі да гвалту. Ёсьць распальваньне варожасьці, цяпер ужо і асобнай сацыяльнай групай прызнаюць чыноўнікаў і міліцыю — гэта яшчэ адзін крымінальны артыкул. Гэта пачалося акурат у 2020 годзе. Хоць ёсьць міжнародныя стандарты, якія кажуць, што чыноўнікі ня могуць быць асобнай сацыяльнай групай, якую неабходна дадаткова абараняць».
3. Публікацыя адрасоў і нумароў тэлефонаў чыноўнікаў і міліцыянтаў
Яшчэ адна рэч, да якой варта паставіцца ўважліва. Разьмяшчэньне такіх зьвестак можа быць успрынята як публікацыя пэрсанальных дадзеных і адпаведна карацца.
«Што паводле закону можа лічыцца пэрсанальнымі дадзенымі, гэта яшчэ пытаньне, — кажа Наста Лойка. — Але лічыцца, што гэта мусяць быць дадзеныя, па якіх чалавека можна апазнаць. Паколькі імя і прозьвішча — гэта не дастатковая інфармацыя для апазнаньня, то іх публікаваць тэарэтычна можна. А вось імя, прозьвішча і адрас альбо нумар тэлефона — гэта ўжо злачынства. Альбо фатаздымак з прозьвішчам і імем — гэта таксама пэрсанальныя дадзеныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сядзяць за «кактэйль Молатава» і «дадзеныя карнікаў». Хто яны — палітвязьні Беларусі да 18 гадоў?4. Падпіска на тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі
Па словах праваабаронцы, з гэтым ужо ўзьнікаюць пытаньні. Пазыцыя экспэртаў Human Constanta адназначная — падпісчыкі такіх каналаў ня могуць лічыцца экстрэмістамі. Аднак у ГУБАЗіК лічаць іначай.
«Ужо ёсьць практыка, калі людзей спыняюць на вуліцы, патрабуюць паказаць тэлефон і глядзяць, на якія каналы ў тэлеграме падпісаны чалавек, — кажа Наста. — А цяпер улады хочуць падвесьці пад гэта заканадаўства. Праблема ў тым, што прававыя нормы цяпер не працуюць у прынцыпе, таму цяжка штосьці параіць. Апрача таго, што можна ў тэлефонах усталёўваць магчымасьць падвойнага ўваходу і хаваць свой тэлеграм так, каб ён ня быў нікому бачны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пазбавіў званьняў больш як 80 былых сілавікоў. Бо «нагняталі»5. Што рабіць, калі канал, на які вы падпісаны, прызналі экстрэмісцкім
Пакуль фактаў прыцягненьня да адказнасьці за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы не вядома. Сілавікі толькі заяўляюць пра такую магчымасьць. Але трэба перагледзець, ці не рабілі вы рэпостаў з такога каналу і ці не захоўваецца ў вас кантэнт зь яго.
«Сілавікі часам „падымаюць“ публікацыі ў сацсетках 10-гадовай даўнасьці. Для іх у прынцыпе няважна, калі яны былі зробленыя, — кажа Наста Лойка. — Гэта здаралася яшчэ да падзей жніўня 2020 году. Людзям варта пачысьціць стужку, прагледзець, што яны публікавалі раней. Таму што гэта можа быць расцэнена як распаўсюд».
6. Ці варта публікаваць здымкі з акцый пратэсту альбо фота зь бел-чырвона-белым сьцягам
Наста Лойка нагадвае, што часта такія публікацыі аказваюцца доказам адміністрацыйнага правапарушэньня. Тэарэтычна яны не прынясуць праблем, калі здымак апублікаваны больш як праз два месяцы ад часу правядзеньня такой акцыі, аднак у сілавікоў у такім выпадку ўсё ж існуе магчымасьць асудзіць чалавека. Справа ў тым, адкуль лічыць 2 месяцы — з моманту зьдзяйсьненьня правапарушэньня ці з таго моманту, калі пра яго стала вядома прадстаўнікам праваахоўных органаў.
«Бел-чырвона-белы сьцяг яшчэ не прызналі экстрэмісцкім, — кажа Наста. — Але, магчыма, гэта зробяць у будучыні асобна. Таму варта сачыць за сьпісам экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пакуль адказнасьці за гэта нібы няма. Рэпрэсіўны апарат цяпер разьдзьмуты, а прычынаў прыцягваць людзей да адказнасьці стала значна менш. Таму яны актыўна шукаюць хаця б нешта. Баюся, будуць прыцягваць за любую драбніцу. У ГУБАЗіКу сядзіць цэлы вялікі аддзел, які займаецца маніторынгам сацсетак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справядлівасьць, рэвалюцыя, Салжаніцын. Пра што гаварылі ў апошнім слове абвінавачаныя ў справе «Армія з народам»7. Што рабіць, калі хтосьці абражае службовых асобаў (альбо посьціць экстрэмісцкія матэрыялы) у камэнтарах пад маім пастом
Па словах праваабаронцы, над гэтым пытаньнем зараз актыўна дыскутуюць ва ўсім сьвеце. У Францыі і Нямеччыне, напрыклад, людзі не нясуць адказнасьці за тое, што яны публікуюць у сацсетках. Адказнасьць за гэта ляжыць на самім Фэйсбуку, менавіта ён мусіць сачыць за кантэнтам. У Беларусі ўсё іначай.
«У нас адказнасьць нясе непасрэдна той чалавек, які штосьці апублікаваў альбо пакінуў камэнтар, — кажа Наста Лойка. — Таму за зьмест камэнтару будзе адказваць той чалавек, які яго апублікаваў. А ня аўтар таго паста, пад якім камэнтар быў пакінуты»
8. Наколькі бясьпечна ўвогуле карыстацца сацсеткамі, тым жа Telegram
Праваабаронца раіць вывучыць функцыі бясьпекі, якія распрацаваныя самімі сацсеткамі і мэсэнджарамі. Той жа Telegram, напрыклад, мае функцыю аўтаматычнага выдаленьня паведамленьняў і перапіскі праз пэўны час.
«Я вельмі раю як мінімум гэта сабе ўсталяваць, — кажа Наста. — Плюс на сваім тэлефоне вы можаце паставіць падвойную ідэнтыфікацыю».