Прарасейская партыя «Саюз» ня будзе аспрэчваць адмову Мінюста Беларусі ў рэгістрацыі. Рыхтуе новы зьезд

Ініцыятар стварэньня партыі «Саюз» Сяргей Лушч (зьлева) і палітоляг Аляксей Дзермант, архіўнае фота

Арганізацыйны камітэт палітычнай партыі «Саюз» ня будзе аспрэчваць адмову Міністэрства юстыцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі, гаворыцца ў заяве аргкамітэту, тэкст якога паступіў у БелаПАН.

«З прычыны палітычнай сталасьці і разуменьня сутнасьці пытаньня мы прымем да ведама дадзенае рашэньне і ня будзем аспрэчваць фармальныя довады адмовы, — гаворыцца ў дакумэнце. — Застаючыся актыўным удзельнікам беларускага палітычнага поля і прыхільнікам дзеяздольнай шматпартыйнай сыстэмы, партыя „Саюз“ правядзе дадатковую зьверку сьпісавага складу заснавальнікаў і ініцыюе паўторны ўстаноўчы зьезд, які ўнясе канчатковую яснасьць у азначаным пытаньні».

Акрамя гэтага аргкамітэт адзначыў, што рашэньне Міністэрства юстыцыі трэба ўспрымаць не інакш як «не адпаведнае вызначанаму VI Усебеларускім народным сходам курсу на глыбокае абнаўленьне палітычнай сыстэмы Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейскай партыі «Саюз» адмовілі ў рэгістрацыі

Прадстаўнікі «Саюзу» маюць намер працягнуць «кансалідацыю прыхільнікаў беларуска-расейскай інтэграцыі, дэмакратычных пераўтварэньняў і разьвітай сыстэмы сацыяльных гарантый».

У заяве гаворыцца, што аргкамітэт будзе рыхтавацца да ўдзелу ў будучых мясцовых выбарах.

3 траўня Мінюст паведаміў аб адмове ў рэгістрацыі прарасейскай партыі «Саюз». Як паведаміла прэс-служба міністэрства, у сьпісах заснавальнікаў партыі было пазначана 1023 чалавекі, але пасьля праверкі 150 чалавек са сьпісу высьветлілася, што 26 зь іх не існуюць, таму не набіраюцца патрэбныя для рэгістрацыі 1000 чалавек. Акрамя таго, паводле заявы, адзін з заснавальнікаў партыі — не грамадзянін Беларусі, а пра шэраг людзей са сьпісу падалі няпоўныя зьвесткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэст на свабоду рук. Чаму не зарэгістравалі прарасейскую партыю «Саюз»?