У прыватнасьці, як адзначаецца ў судовым рашэньні, кіраўніцтва прадпрыемства, якое ўваходзіць у склад канцэрну «Укроборонпром», загадзя не паінфармавала Службу бясьпекі Ўкраіны пра наведаньне дзьвюх замежных дэлегацый — францускай кампаніі Selter.film і беларускай «БЕЛЗАБПРАМ» («BELSNABPROM»).
СБУ атрымала пісьмовае паведамленьне аб наведаньні прадпрыемства беларускай дэлегацыі толькі праз тры дні пасьля завяршэньня перамоваў. Згодна з вызначаным украінскім урадам парадкам арганізацыі і забесьпячэньня рэжыму сакрэтнасьці ў органах дзяржаўнай і мясцовых уладаў, а таксама на прадпрыемствах, аб наведаньні замежных дэлегацый мусяць паведамляць органам бясьпекі загадзя.
У судовым рашэньні адзначаецца, што галоўнай мэтай знаходжаньня дэлегацыі беларускай кампаніі «БЕЛЗАБПРАМ» былі перамовы аб супрацы ў перавозцы грузаў. Паводле СБУ, кіраўнік ДП «Антонов» парушыў патрабаваньні аб забесьпячэньні аховы дзяржаўных сакрэтаў на прадпрыемстве, на якім «цыркулюе інфармацыя з абмежаваным доступам».
На афіцыйным сайце ўкраінскага прадпрыемства адсутнічае інфармацыя пра візыт дэлегацыі беларускага прадпрыемтсва. Сайт кампаніі «БЕЛЗАБПРАМ» не абнаўляецца з 2017 году.
Што вядома пра беларускае прадпрыемства
Кампанія «БЕЛЗАБПРАМ» (BELSNABPROM.) зарэгістраваная ў 2001 годзе ў форме таварыства з дадатковай адказнасьцю — гэта калі кожны заснавальнік прадпрыемства мае сваю частку адказнасьці ў выпадку стратаў у аб’ёме, роўным сваёй частцы ў статутным фондзе кампаніі.
Яе дырэктарам зьяўляецца Андрэй Машкала. З такім самым прозьвішчам у кампаніі працуюць яшчэ два спэцыялісты ў лягістыцы — Дзяніс і Аляксандар. Уласьнікі кампаніі вядуць непублічнае жыцьцё. Іхнае прозьвішча адсутнічае ў інфармацыйнай прасторы. З траіх толькі апошні мае сваю старонку ў Facebook, якую адкрыў у 2014 годзе, калі пачаў працаваць у «БЕЛЗАБПРАМ».
«БЕЛЗАБПРАМ» выконвае поўны комплекс транспартна-экспэдыцыйных паслуг у арганізацыі авіяцыйных перавозак. У 2019 годзе кампанія ўвайшла ў пералік 50 найбуйнейшых транспартна-лягістычных кампаній Беларусі, заняўшы апошняе месца ў рэйтынгу. Зьяўляецца індывідуальным чальцом міжнароднай фэдэрацыі экспэдытарскіх асацыяцый FIATA, якая аб’ядноўвае нацыянальныя асацыяцыі і лягістычныя кампаніі з 150 краін сьвету.
Кампанія цікавілася рынкам узбраеньняў і вайсковай тэхнікі. Яе прадастаўнікі ў 2017 годзе наведвалі выставу «MILEX-2017», арганізаваную Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам, Міністэрствам абароны і Нацыянальным выставачным цэнтрам «БелЭкспа» Упраўленьня справамі прэзыдэнта Беларусі.
Для грузавых перавозак кампанія прапануе самалёты АН-12, АН-124, ІЛ-76 і Boeing-747.
Паводле афіцыйнага сайту «БЕЛЗАБПРАМ», украінскае прадпрыемтсва «Антонов» зьяўляецца іхным партнэрам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пазбавіў званьняў больш як 80 былых сілавікоў. Бо «нагняталі»Што такое ДТ «Антонов»
Дзяржаўнае прадпрыемства «Антонов» зьяўляецца адной з найстарэйшых авіяцыйных кампаній Украіны. Уваходзіць у склад канцэрну «Укроборонпром», мае некалькі падразьдзяленьняў — канструктарскае бюро, вытворчасьць авіяцыйнай тэхнікі, выпрабавальную базу, падрыхтоўку лётнага складу, рамонт тэхнікі. Асобна працуе авіятранспартнае падразьдзяленьне, якое лічыцца лідэрам сусьветнага рынку паветраных перавозак найбольш цяжкіх і вялікіх грузаў. У яго парку — найбольшы ў сьвеце транспартны самалёт Ан-225 «Мрія» (можа перавозіць да 250 тон грузаў).