Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Славенію заклікала кіраўніцтва гэтай краіны паставіць Беларусь у прыярытэт свайго старшынства ў Радзе Эўразьвязу, — паведамляе яе тэлеграм-канал.
«Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Славеніі Борутам Пахорам, са сьпікерам парлямэнту Ігарам Зорчычам, а таксама кіраўнікамі асноўных палітычных партый Славеніі. На сустрэчах абмеркавалі будучыню старшынства Славеніі ў Эўразьвязе. Ціханоўская заклікала Славенію паставіць Беларусь у прыярытэт шасьцімесячнага старшынства краіны ў Радзе ЭЗ, падтрымаць максымальны ціск на рэжым з мэтай спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітзьняволеных», — гаворыцца ў паведамленьні ў телеграм-канале лідэркі беларускай апазыцыі.
Акрамя таго, абмяркоўвалася «неабходнасьць падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі на ўзроўні ЭЗ, а таксама разьвіцьцё двухбаковых адносін паміж Славеніяй і Беларуссю».
Ціханоўская «зьвярнула ўвагу на супрацоўніцтва некаторых славенскіх кампаній з рэжымам і зьвязанымі з ім кашалькамі». «Яна заклікала кампаніі ўстрымацца ад супрацоўніцтва з дзяржпрадпрыемствамі, на якіх парушаюцца працоўныя правы і якія падпадаюць пад заходнія санкцыі», — адзначаецца ў паведамленьні.
Раней на сустрэчы з Ціханоўскай прэм’ер-міністар краіны Янэз Янша заявіў, што Славенія будзе «цьвёрда падтрымліваць усе намаганьні, накіраваныя на ўмацаваньне дэмакратызацыі, павагі да вяршэнства закону і правоў чалавека ў Беларусі», заявіў 3 траўня ў Любляне на сустрэчы зь Сьвятланай Ціханоўскай, перадае БелаПАН.
Паводле інфармацыі прэс-службы ўраду Славеніі, бакі «абмяняліся думкамі пра сытуацыю ў Беларусі».
Таксама Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных спраў Славеніі Анжэ Логарам. «Сустрэча важная, таму што з 1 ліпеня 2021 году Славенія будзе старшынстваваць у Эўразьвязе», — падкрэсьліла прэс-служба Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмʼер-міністар Славеніі запэўніў Ціханоўскую, што падтрымае ўсе намаганьні, скіраваныя на дэмакратызацыю БеларусіУ Беларусі пасьля сфальшаваных выбараў 9 жніўня пачаліся масавыя акцыі пратэсту. Эўразьвяз і ЗША не прызналі пераможцам гэтых выбараў Аляксандра Лукашэнку і ўвялі супраць яго і атачэньня санкцыі. Пратэстоўцы ў Беларусі патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, вызваленьня палітвязьняў і правядзеньня новых выбараў.
У пачатку красавіка Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ўключыў Сьвятлану Ціханоўскую, сябра прэзідыюму Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі Паўла Латушку і яшчэ 15 грамадзян Беларусі ў пералік арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давераных асоб Ціханоўскай з Гомля пакаралі пазбаўленьнем волі ад 6 да 6 з паловай гадоў