«Тое, што рэжым Лукашэнкі зрабіў з народам Беларусі за апошні год, немажліва і несумленна», — заявіла 4 мая пасол ЗША Джулі Фішэр падчас онлайн-сустрэчы зь беларускімі журналістамі. Сустрэча адбылася з нагоды Сусьветнага дня свабоднай прэсы, які адзначаўся 3 траўня, перадае БелаПАН.
Пасол нагадала, што ЗША неаднаразова асуджалі рэжым Лукашэнкі за прымяненьне рэпрэсій у дачыненьні да ўласных грамадзян, у тым ліку грамадзкіх актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў. Паводле яе, ЗША па-ранейшаму заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязьняў і правесьці свабодныя выбары.
Фішэр падкрэсьліла, што ЗША па-ранейшаму падтрымліваюць беларускі народ у яго дэмакратычных памкненьнях, а свае дзеяньні працягваюць каардынаваць зь эўрапейскімі партнэрамі.
У прыватнасьці, адзначыла дыплямат, ЗША падтрымліваюць міжнародныя намаганьні ў расьсьледаваньні фальсыфікацый на выбарах у Беларусі і парушэньняў правоў чалавека, якія адбыліся ўсьлед за імі і працягваюцца да гэтага часу, у тым ліку працу міжнароднай плятформы для Беларусі па прыцягненьні вінаватых да адказнасьці (IAPB).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты«Праца беларускіх журналістаў, рызыка і небясьпека, на якія вы пайшлі, проста надзвычайныя, — сказала Фішэр. — Дзякуючы вашым расказам, фота і відэа людзі ў Беларусі і ва ўсім сьвеце даведаюцца аб тым, што тут адбываецца. ЗША разумеюць, якую цану вы і вашы калегі заплацілі і працягваеце плаціць».
Яна адзначыла, што беларускіх журналістаў білі і затрымлівалі, у іх стралялі гумовымі кулямі і выкарыстоўвалі сьлезацечны газ. Пасол падкрэсьліла, што 11 журналістаў знаходзяцца цяпер у Беларусі ў зьняволеньні і ЗША ўважліва адсочваюць іх лёс.
«Мы верым, што журналістыка — гэта не злачынства, хоць беларускі рэжым лічыць па-іншаму і расцэньвае гэта менавіта так», — сказала Фішэр і адзначыла, што беларускія ўлады баяцца праўды.
Паводле яе, без свабоднай прэсы няма магчымасьці для пабудовы свабоднай і дэмакратычнай краіны, а ў Беларусі ёсьць канстытуцыйныя і міжнародныя абавязаньні ў выкананьні права на свабоду думак.
Пасол таксама адзначыла, што ЗША зацікаўленыя ў свабоднай, сувэрэннай і незалежнай Беларусі, дзе паважаюць правы чалавека. «І мы расчараваныя тым, дзе знаходзімся цяпер», — падкрэсьліла Фішэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка Джулі Фішэр адрэагавала на заяву Макея: «ЗША не прымаюць абмежаваньняў дзейнасьці амбасадараў»Паводле Фішэр, ЗША шукаюць усе даступныя інструмэнты для абароны сваёй нацыянальнай бясьпекі і замежнапалітычных інтарэсаў, а таксама дэмакратычных памкненьняў беларускага народу, і ўжо распачалі шэраг захадаў, у прыватнасьці, увялі візавыя санкцыі супраць тых, каго лічаць вінаватымі ў парушэньні правоў чалавека ў Беларусі; адмянілі дзеяньне генэральнай ліцэнзіі, якая прыпыняла дзеяньне санкцый у дачыненьні да дзевяці дзяржаўных прадпрыемстваў.
Фішэр нагадала, што ў сьнежні 2020 году Кангрэс ЗША прыняў абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Дакумэнт заклікае ў тым ліку да ўзмацненьня санкцый у выпадку парушэньня правоў чалавека ў краіне.
«Умовы для зьняцьця санкцый не былі выкананыя», — сказала дыплямат, падкрэсьліўшы, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, наяўнасьцю палітвязьняў і рэпрэсій яшчэ горшая, чым была год таму.
Джулі Фішэр была зацьверджаная сэнатам ЗША на пасаду пасла ў Беларусі ў сьнежні 2020 году, але ня можа прыехаць у Менск праз адсутнасьці візы, якую не выдаюць беларускія ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня думаю, што ўладам трэба ўкачаць нас у асфальт». Гутарка з заснавальнікам «Сильных новостей» Пятром Кузьняцовым ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З нагоды Сусьветнага дня свабоды прэсы прэзыдэнт РСЭ/РС Джэймі Флай нагадаў пра беларускіх журналістаў