Беларусь сярод тэмаў абмеркаваньня кіраўнікоў МЗС «вялікай сямёркі»

Сустрэча міністраў замежных спраў краінаў G7 у Lancaster House ў Лёндане.

У сталіцы Вялікай Брытаніі пачаўся саміт кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краінаў «вялікай сямёркі». Гэта першая невіртуальная сустрэча такога фармату пасьля пачатку пандэміі каранавірусу.

Як паведамляе сайт брытанскага ўраду, сярод тэмаў дыскусіі кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў — выклікі ад Кітаю, сытуацыя ў Сырыі, Самалі, у заходняй частцы Балканаў і ў М'янме. Міністры замежных справаў абмяркоўваюць, апроч гэтага, дзейнасьць Расеі, у тым ліку нарошчваньне яе войскаў на мяжы з Украінай, зьняволеньне апазыцыйнага дзеяча Аляксея Навальнага, а таксама сытуацыю ў Беларусі. Дэталяў не падаецца.

І ў часе фатаграфаваньня кіраўнікі МЗС G7 трымалі сацыяльную дыстанцыю. Фота АFP


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Дамінік Рааб яшчэ да пачатку паседжаньня заклікалі краіны G7 аб’яднацца перад выклікам з боку Кітаю, паведамляе Інтэрфакс-Захад.

Іншыя краіны G7 — Канада, Францыя, Нямеччына, Італія і Японія — збольшага падзяляюць асьцярогі Вялікабрытаніі і ЗША наконт Кітаю, хоць некаторыя зь іх маюць іншы падыход да адносін з Пэкінам.

Паколькі цяпер у G7 старшынюе Вялікая Брытанія, пасяджэньні праходзяць у Лёндане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чацьвёрты пакет санкцый ЭЗ супраць уладаў Беларусі разгледзяць у чэрвені
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уезд у Эўразьвяз могуць дазволіць тым, хто прышчапіўся ўхваленымі вакцынамі