Марыя Калесьнікава, якая застаецца пад вартай у СІЗА, перастала атрымліваць лісты. Як адзначае тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, палітзьняволеную наўмысна пазбаўляюць ліставаньня, што расцэньваецца паплечнікамі як ціск.
Канал прапанаваў сваім падпісантам анкету, якую трэба запоўніць, калі нехта пісаў Калесьнікавай лісты ў красавіку або атрымліваў ад яе адказы.
Адрас для лістоў Марыі Калесьнікавай: 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1.
Перабоі з дастаўкай лістоў маюць і іншыя беларускія палітвязьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіўся тэлеграм-дапаможнік для напісаньня лістоў палітвязьнямУ чым абвінавачваюць Калесьнікаву
Марыю Калесьнікаву схапілі 7 верасьня 2020 году ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».
У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць Калесьнікавай і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
У лютым Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1). Тэрмін утрыманьня Знака пад вартай завяршаецца 9 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасольства ЗША перадало прэмію Марыі Калесьнікавай яе бацьку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol назваў выкрадальнікаў Марыі Калесьнікавай. Усе — супрацоўнікі ГУБАЗіК ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яна адчувае сябе больш свабоднай, чым супрацоўнікі турмы», — бацька палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай