Газэта «Новы час» падпісала на сябе 374 палітычных вязьняў

Галоўная рэдактарка газзэты «Новы час» Аксана Колб са сваім выданьнем. Архіўнае фота.

Рэдакцыя незалежнага выданьня просіць падтрымаць «Новы час» і аформіць падпіску для сябе ці суседзяў, якія ня маюць інтэрнэту, а таксама палітычных вязьняў.

«Цяпер „Новы час“ распаўсюджваецца толькі праз падпіску: ад 1 лютага газэта не прадаецца ў кіёсках „Белсаюздруку“. Рэдакцыя заклікае чытачоў аформіць падпіску і такім чынам падтрымаць газэту, — гаворыцца на сайце «Новага часу».

Рэдакцыя піша, што на сёньня 374 палітычныя вязьні — ужо асуджаныя ці тыя, хто чакае судовых працэсаў, — падпісаныя на іх выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Новы час“ чытае як мінімум тысяча зьняволеных». Размова з галоўнай рэдактаркай Аксанай Колб

«Адной з формаў падтрымкі палітычных вязьняў — падпіска іх на незалежныя выданьні, і не апошнюю ролю тут адыгрывае „Новы час“. Гэта адзіная беларускамоўная штотыднёвая незалежная грамадзка-палітычная газэта, якая пакуль што трапляе за краты. Падпісваць вязьняў трэба на адрас іх зьняволеньня, пажадана тэрмінам на 1 месяц — такім чынам мы не наводзім іх на думку пра тое, што сядзець давядзецца яшчэ доўга», — адзначаюць у рэдакцыі.

Падпіска на газэту «Новы час»:

  • 1 месяц — 4 рублі 14 капеек
  • 1 квартал — 12 рублёў 42 капейкі
  • паўгодзьдзе — 24 рублі 84 капейкі.

Пакрокавая інструкцыя падпіскі — ТУТ.