Праваабаронцам «Вясны» вядома як мінімум 210 асуджаных у красавіку ў адміністрацыйных справах, зьвязаных з акцыямі пратэсту па ўсёй Беларусі. Зь іх 68 чалавек аштрафавалі агулам на 111 215 рублёў. 131 чалавека арыштавалі на тэрмін ад 5 да 30 сутак. Агулам за адзін месяц судзьдзі арыштавалі людзей за пратэсты на 2059 сутак, што складае больш за 5 гадоў. Справы яшчэ мінімум 20 чалавек адправілі на дапрацоўку або спынілі праз даўнасьць правапарушэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 98 палітычна матываваных крымінальных справаў. Праваабаронцы падвялі вынікі красавікаУ красавіку на 15 і болей сутак арыштоўвалі былога супрацоўніка БМЗ Дзьмітрыя Яфрэмава, дзевяцёх страйкамаўцаў «Нафтану», сярод якіх Сяргей Лапуноў, Андрэй Шкірэнка, Аляксандр Капшуль, Аляксей Драбіцкі, Аляксандар Сакалоў, Аляксандар Кухаронак, Ігар Бутоўскі, Віктар Акасевіч і Сяргей Лазарэнка.
Супрацоўнік жлобінскага прадпрыемства выказаўся ў відэароліку аб сытуацыі ў краіне, што палічылі «несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам», страйкамаўцаў у Наваполацку арыштоўвалі за ўдзел у запісу відэароліка ў падтрымку галасаваньня на плятформе «Голас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба настройвацца, што два тыдні ня будзем працаваць». Актывісты «Рабочага руху» — пра агульнанацыянальны страйкЗатрымалі і старшыню партыі «Зялёных» Зьмітра Кучука. Ён атрымаў два тыдні арышту толькі за намер ускласьці кветкі, выказаны ў інтэрвію.
Жыхарку Глыбокага Кіру Кісялёву аштрафавалі на 1740 рублёў нібыта за заклік у тэлеграме да шпацыру. Пэнсіянэрка заявіла судзьдзі Станіславу Трапуку, што нават не казала ні часу збору, ні месца, але гэта ня стала для таго падставай спыніць справу.
31-гадовага жыхара Новай Баравой пад Менскам Мікіту Кодзіса абвінавацілі ў пікетаваньні шляхам налепкі з выявай кулака, сэрца і знака «victory» на яго паштовай скрыні. Мужчыну аштрафавалі на 2900 рублёў. А аўтаўладальніка Ўладзімера Ўмецкага аштрафавалі на 2320 рублёў за налепку герба «Пагоня».
40-гадовага Дзяніса Музыкіна арыштавалі на 15 сутак за налепкі на акне ў выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў у БЧБ-расфарбоўцы, ручнікі бел-чырвона-белага колеру менская судзьдзя Марыя Ярохіна назвала «дэманстрацыяй грамадзянам сваіх палітычных інтарэсаў».
Рамана Вайткевіча аштрафавалі на 1450 рублёў за флюгер з выявай «Пагоні» на доме ў Калодзішчах. А 34-гадовага Яўгена Жука арыштавалі на 15 дзён за налепкі і паштовую скрыню ў колерах нацыянальнага сьцяга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Слоніме канфіскавалі аўтамабіль за налепку з «Пагоняй» і белыя палосы на чырвоным дахуВіцяблянкі Марыя Амасовіч і Лізавета Кірыенка правялі «несакцыянаванае пікетаваньне», запаліўшы на прыступках Уваскрасенскага храму ў Віцебску лямпадкі чырвонага колеру 26 красавіка. Судзьдзя Ўладзімер Царыкаў палічыў віну дзяўчын даказанай, таму арыштаваў Марыю на 20 сутак, а Лізавету пакараў 10-сутачным арыштам. Юрыя Ланкевіча і Анастасію Вайтовіч затрымалі ў Менску зь лямпадкамі і адправілі на 15 сутак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты і ператрусы 30 красавіка: жанчыну абвінавацілі ў «зьдзеку з гімну», траіх — у абразе мёртвага міліцыянта«Налёт» на Новую Баравую
21-23 красавіка па вечарах у пасёлку Новая Баравая праходзілі затрыманьні жыхароў у іх уласных кватэрах. У дамах праходзілі ператрусы ці агляды, а на жыхароў складалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве або пікетаваньні. Прычына — сэрцайкі на вокнах. Валянтэрскай службе «Вясны» вядомыя наступныя прысуды:
- 32-гадовага праграміста Сямёна Корабава за 10 сэрцайкаў пакаралі 10-сутачным арыштам;
- 39-гадовага Аляксандра Гяранскага аштрафавалі 2900 рублёў за «пікет трыма белымі сэрцайкамі»;
- 27-гадовы Дзьмітры Гатоўскі асуджаны за пяць чырвоных сэрцайкаў і 2 белыя аркушы А4 на 7 сутак арышту;
- Аляксея Парошына за знойдзены ў яго дома нацыянальны сьцяг асудзілі на 30 сутак;
- 31-гадовага Паўла Бадзілоўскага пакаралі штрафам у памеры 2900 рублёў за 11 белых сэрцайкаў, 55-гадовага Валерыя Кузьменку аштрафавалі на 2900 рублёў за 2 белыя сэрцайкі;
- Сяргей Самусевіч адбыў 10-сутачны арышт за 6 белых сэрцайкаў, Арцём Шклярык за 5, а Павал Берашэвіч за 7, Эдгар Акініс таксама адправіўся ў ізалятар на 10 сутак за сэрцайкі.