Па словах польскага прэм’ера Матэвуша Маравецкага, супрацоўніцтва з краінамі «Ўсходняга партнэрства» важнае як для стабільнасьці, так і для росту дабрабыту ў Польшчы і Літве.
«Мы бачым, што адбываецца ў Беларусі і Ўкраіне. Гэты рэгіён асабліва ўразьлівы з пункту гледжаньня расейскай імпэрыялістычнай палітыкі. Таму мы падтрымліваем Украіну і Беларусь у іх барацьбе за дэмакратыю і свабоду. Паляпшэньне сытуацыі на ўсходзе зьяўляецца індыкатарам нашага рэалізму, таму кантэкст NATO і Эўрапейскага зьвязу мае тут абсалютна першараднае значэньне», — заявіў польскі прэм’ер.
Па словах Інгрыды Шыманітэ, Літва, як і Польшча, пасьлядоўна асуджае рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць мірнага насельніцтва і польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яна адзначыла важнасьць прынцыповага і выразнага агульнага голасу дзьвюх краін у падтрымцы міжнароднай супольнасьцю народу Беларусі.
«Мы мусім захоўваць адзінства, бо абараняем ня толькі нашу ўласную свабоду і незалежнасьць, але і права нашых суседзяў, якія плацяць высокую цану за сваю барацьбу самім вырашаць уласны лёс».
Акрамя «Ўсходняга партнэрства» і рэгіянальнай бясьпекі на перамовах у Вільні абмяркоўвалася сытуацыя вакол Беларускай АЭС. Як заявіла літоўская прэм’ер-міністарка, цяпер адбываецца «крытычны этап разьвіцьця» станцыі, таму неабходна не дапусьціць трапляньня электраэнэргіі адтуль на рынак ЭЗ. Яна падзякавала Польшчы за рашучую падтрымку ў гэтым пытаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Гаруноў: Беларусь і Расея ідуць у розныя бакі: першая — у 1918 год, другая — у часы імпэрыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва, Латвія і Эстонія высылаюць расейскіх дыпляматаў у знак салідарнасьці з Чэхіяй ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі заявіла аб парушэньні паветранай мяжы з польскага боку. У Варшаве прызналі і патлумачылі інцыдэнт