Першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Кіргізстану Суйунбек Амурзакаў і намесьнік кіраўніка МУС Таджыкістану Ібрахімзада Назімом сустрэліся ў вёсцы Інтэрнацыянал у Лейлекскім раёне Баткенскай вобласьці Кіргізстану.
Падчас гэтай сустрэчы бакі дамовіліся стварыць сумесныя патрулі ў зоне памежнага канфлікту.
Таксама сёньня Душанбэ і Бішкек пачалі перамовы па дэлімітацыі і дэмаркацыі межаў. Дэлегацыю Кіргізстану ўзначальвае старшыня Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бясьпекі (ДКНБ) Камчыбек Ташыеў, Таджыкістану — кіраўнік ДКНБ Саймумін Яцімаў.
Аднак сёньня ж памежная служба Кіргізстану абвінаваціла вайскоўцаў Таджыкістану ў абстрэле жылых дамоў на мяжы дзьвюх краінаў. Інцыдэнт адбыўся ў Лейлекскім раёне Кіргізстану, сьцьвярджаюць у ведамстве. Да гэтага зь вёскі ўжо былі эвакуіраваныя жыхары. Таджыцкі бок абверг гэтую інфармацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфлікт на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану: што вядома і як пра яго расказваюць бакі- Узброены канфлікт пачаўся 28 красавіка паміж жыхарамі кіргіскіх і таджыцкіх вёсак каля пункту разьмеркаваньня вады. Пазьней у яго ўмяшаліся памежныя войскі, паведамлялася аб перасоўваньнях рэгулярнага войска. Адказнасьць за эскаляцыю канфлікту бакі ўсклалі адзін на аднаго.
- Агульная колькасьць загінулых з абодвух бакоў ацэньваецца па стане на раніцу 1 траўня прыблізна ў 47 чалавек, яшчэ каля 210 параненыя. У Кіргізстане 1 і 2 траўня абвешчаныя днямі нацыянальнай жалобы па ахвярах канфлікту.
- Працягласьць мяжы паміж Таджыкістанам і Кіргізстанам складае 970 кілямэтраў, з якіх делімітавана і дамаркіравана толькі 519 кілямэтраў. Існуюць 70 спрэчных участкаў, на якіх мясцовыя жыхары часта канфліктуюць за ваду, пашу і землі.