Праваабаронцу Марфу Рабкову паставілі ў турме на ўлік як «схільную да экстрэмізму»

Марфа Рабкова

Праваабаронцу і каардынатарку валянтэрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільную да экстрэмізму», паведаміла «Вясна».

Пакуль невядома, якім чынам гэта адаб’ецца на яе ўмовах утрыманьня у СІЗА-1, дзе яна знаходзіцца ўжо восьмы месяц.

Раней праваабаронца Тацьцяна Гацура-Яворская расказала, што 25 сакавіка Марфа Рабкова разам з сукамэрніцамі адсьвяткавала Дзень Волі, надзеўшыся ў белае і ўплёўшы ў валасы бел-чырвона-белыя папяровыя кветкі. Пасьля гэтага камэру расфармавалі, а дзьвюх дзяўчат зьмясьцілі ў карцэр на 5 і 10 сутак.

Гацура-Яворская правяла з Марфай у адной камэры сем дзён да свайго раптоўнага вызваленьня 15 красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашу сям’ю разьдзялілі». Інтэрвію з праваабаронцамі Тацянай Гацурай-Яворскай і Ўладзімерам Яворскім. ВІДЭА

Праваабаронцу Марфу Рабкову затрымалі 17 верасьня 2020 году. Яе абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў:

  • ч. 3 арт. 293 — навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне гэтай дзейнасьці,
  • ч. 3 арт. 130 — распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады групай нявысьветленых асоб,
  • ч. 2 арт. 285 — удзел у злачыннай арганізацыі.

Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваньнем яе неадкладнага вызваленьня выказаліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсэрваторыя абароны праваабаронцаў (партнэрства Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў і FIDH).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У камэры палова палітычных». Пра што піша з турмы праваабаронца Марфа Рабкова
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку Кацярыну Барысевіч паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку Кацярыну Андрэеву паставілі ў турме на ўлік як схільную да экстрэмізму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карычневая шыльда на дзьвярах камэры, нашыўка на робе. Як за кратамі пазначаюць «палітычных»